Палітоляга Андрэя Паротнікава асудзілі на 10 гадоў калёніі паводле 5 артыкулаў, — «Страна для жизни»

Андрэй Паротнікаў.

Палітоляга Андрэя Паротнікава абвінавацілі паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу і асудзілі на 10 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму, паведамляе тэлеграм-канал «Страна для жизни».

Паводле інфармацыі ініцыятывы, Паротнікава судзілі паводле 5 артыкулах Крымінальнага кодэксу Беларусі:

  • здрада дзяржаве (ч. 1 арт. 356);
  • змова або іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу ўлады (ч. 1 арт. 357);
  • садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці (ч. 2 арт. 361-4);
  • уваходжаньне ў склад экстрэмісцкага фармаваньня (ч. 3 арт. 361-1);
  • перашкода ажыцьцяўленьню выбарчых правоў (ч. 2 арт. 191).


Паседжаньні былі закрытымі. Судзіў Андрэя Паротнікава судзьдзя Вячаслаў Тулейка, вядомы тым, што вёў шэраг гучных палітычных працэсаў, у тым ліку над супрацоўнікамі Nexta і актывістамі анархісцкага руху.

Паводле зьвестак ініцыятывы, Паротнікава асудзілі яшчэ ў кастрычніку 2024 году, але вырак дасюль быў невядомы.

Спэцыяліста ў пытаньнях бясьпекі Андрэя Паротнікава затрымалі ў сакавіку 2023-га ў Расеі і пад аховай прывезьлі ў Беларусь. Праваабаронцы «Вясны» паведамлялі, што палітолягу выставілі абвінавачаньне ў здрадзе дзяржаве — 356-ы артыкул Крымінальнага кодэксу, паводле якога грамадзяніну, які не зьяўляецца службовай асобай, пагражае да 15 гадоў зьняволеньня.

Андрэй Паротнікаў — капітан міліцыі запасу. Пасьля звальненьня з МУС ён займаўся незалежнай аналітыкай на тэмы бясьпекі і сілавых структур. Кіраваў аналітычным цэнтрам Belarus Security Blog. Яго арыштавалі 19 сакавіка 2023 году ў Расеі. Паводле тэлеканала АНТ, які ў жніўні паказаў адмысловы фільм пра «здраду дзяржаве» з боку Андрэя Паротнікава, затрыманьне адбылося ў Смаленску. Паводле крыніцы, якая размаўляла з Радыё Свабода, затрымалі палітоляга ў Маскве.

Беларускія праваабаронцы прызналі Андрэя Паротнікава палітвязьнем.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пачынаецца суд над аналітыкам Паротнікавым. У СІЗА ён мае праблемы са здароўем
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядома, у чым абвінавачваюць аналітыка Паротнікава. Яму пагражае да 15 гадоў зьняволеньня