Расея
69% расейцаў станоўча ставяцца да Аляксандра Лукашэнкі — такія вынікі свайго сёлетняга лютаўскага апытаньня апублікаваў расейскі сацыялягічны цэнтар «Фонд „Общественное мнение“» (ФОМ).
Як вы ў цэлым ставіцеся да Аляксандра Лукашэнкі - хутчэй добра, хутчэй кепска ці абыякава?, ФОМ
Паводле ФОМ, у жніўні 2020 году, падчас прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, станоўча Лукашэнку ацэньвалі 38% расейцаў, у 2021 годзе — 42%, у сакавіку 2023 году — 59%.
Сёлетні лютаўскі паказьнік — рэкордна высокі ў апытаньнях ФОМ, пачынаючы з 2000 году. Папярэдні пік станоўчага стаўленьня расейцаў да Лукашэнкі быў у 2013 годзе і складаў 58%.
Іншая расейская сацыялягічная арганізацыя, «Левада-центр», даволі рэдка вымярала стаўленьне расейцаў да Лукашэнкі.
Аднак улетку 2023 году, неўзабаве пасьля мяцяжу Яўгенія Прыгожына і адпраўкі «Вагнэра» ў Беларусь, сацыёлягі «Левада-центра» задавалі пытаньне пра давер палітыкам зь пералікам прозьвішчаў, у сьпісе фігураваў і Аляксандар Лукашэнка. У тым апытаньні ён аказаўся на другім месцы пасьля Ўладзіміра Пуціна, пра давер Лукашэнку тады заявілі 70% рэспандэнтаў. Магчыма, тады прычынай такіх паказьнікаў стала роля Лукашэнкі ў вырашэньні крызісу зь мяцяжом Прыгожына, дакладней успрыняцьце гэтай ролі расейскай грамадзкай думкай.
Аднак стаўленьне расейцаў да Лукашэнкі вельмі залежыць ад кантэксту, у якім задаецца пытаньне. Той жа «Левада-центр» рэгулярна пытаецца сваіх рэспандэнтаў, каму з палітыкаў, грамадзкіх дзеячаў яны давяраюць. Прычым пытаньне адкрытае — гэта значыць, што апытаныя самі ўпісваюць прозьвішча асобы, якой давяраюць. Па змоўчаньні размова ідзе пра расейскіх палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў. Але, пачынаючы прынамсі з 2022 году, у адказ на гэта адкрытае пытаньне некаторыя рэспандэнты ўпісвалі і прозьвішча Лукашэнкі. У сёлетнім студзеньскім апытаньні «Левада-центра» такіх знайшлося 2%. Прыкладна на такім жа ўзроўні гэты паказьнік быў і ў папярэднія гады.
На адкрытае пытаньне пра давер канкрэтна да Лукашэнкі ўлетку 70% расейскіх рэспандэнтаў адказалі станоўча. На пытаньне пра давер расейскім палітыкам яго ўспаміналі пару адсоткаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сацыёляг: расейскае грамадзтва ніяк не адрэагавала на спрэчкі паміж Масквой і МенскамУ 2019 годзе экспэрт ФОМ Грыгорый Кертман апісаў стаўленьне расейцаў да Лукашэнкі наступным чынам:
«Калі мы вывучалі структуру гэтага стаўленьня, то з ацэнак вынікала: гэты прэзыдэнт вельмі добры для Беларусі, але для Расеі ён быў бы ня надта добры. Сымпатыя да яго — гэта сымпатыя як да кіраўніка дружалюбнай краіны. І гэтая сымпатыя не экстрапалявалася на Расею, ня тое каб мы хацелі б такога лідэра для Расеі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Што можа паказаць апытаньне ў ГУЛАГу?». Круглы стол сацыёлягаўВяртаючыся да вынікаў лютаўскага 2025 году апытаньня ФОМ, варта адзначыць, што колькасьць тых, хто выказаў станоўчае стаўленьне да Лукашэнкі, блізкая да колькасьці прыхільнікаў ваенных дзеяньняў Расеі ва Ўкраіне. І імавернае тлумачэньне росту сымпатыяў расейцаў да Лукашэнкі: гэта сымпатыі да саюзьніка ў вайне.
Апытаньні "Левада-центра"
У лютым 2022 году напад на Ўкраіну ажыцьцяўляўся і з тэрыторыі Беларусі, расейскіх вайскоўцаў у Беларусі трэніравалі і лячылі, Лукашэнка ўвесь час гаворыць аб падтрымцы Расеі — для многіх расейцаў, якія падтрымліваюць вайну, гэта падстава падтрымліваць і Лукашэнку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто ўзначаліць Беларусь пасьля Лукашэнкі? Вялікае апытаньне СвабодыУкраіна
Зусім іншае стаўленьне да Лукашэнкі ва Ўкраіне. З 2014-га па 2020 год ён быў самым папулярным замежным палітыкам для ўкраінцаў. Але пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны яго папулярнасьць ва Ўкраіне абрынулася. Яшчэ ў студзені 2022 году ў апытаньні ўкраінскай сацыялягічнай групы «Рэйтынг» пра станоўчае стаўленьне да Лукашэнкі заявілі 29% рэспандэнтаў. А ўжо ў красавіку таго ж году — толькі 2%. Такое ж стаўленьне захоўвалася і пазьней, у 2022 годзе. Аднак, паводле апытаньня «Рэйтынгу», у кастрычніку летась станоўчыя ацэнкі Лукашэнку далі ўжо 7% украінцаў, а ў сьвежым, лютаўскім 2025 году — 8%.
Гэта не 29% тры гады таму, але і ня 2% на пачатку поўнамаштабнай вайны. Атакі на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі (сухапутныя і ракетныя) спыніліся, адчуваньне пагрозы ўступленьня ў вайну беларускай арміі зьменшылася, таму, можна меркаваць, крыху палепшылася стаўленьне ўкраінцаў да асобы, якая кантралюе суседнюю краіну.
Дадзеныя апытаньняў іншага ўкраінскага дасьледчага цэнтру, імя Разумкова, не супярэчаць дадзеным «Рэйтынгу». У лютаўскім 2023 году апытаньні цэнтру імя Разумкова пра станоўчае стаўленьне да Лукашэнкі паведамілі 3,3% апытаных, у лютаўскім апытаньні 2024 году — 3,7%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апытаньне: больш за палову палякаў нічога ня ведаюць пра падзеі ў Беларусі ў 2020 годзеПольшча
Улетку 2023 году польскі Цэнтар Юліюша Мерашэўскага правёў апытаньне грамадзкай думкі «Палякі пра Беларусь і беларусаў». У тым апытаньні станоўча пра Лукашэнку выказаліся 3% апытаных палякаў.
Латвія
У лютым сёлета былі абнародаваныя дадзеныя апытаньня, праведзенага латвійскім дасьледчым цэнтрам Norstat.
Паводле гэтых дадзеных, 8% апытаных заявілі, што ставяцца да Лукашэнкі вельмі станоўча, яшчэ 13% — хутчэй станоўча. Усяго, такім чынам, пра станоўчае стаўленьне да яго заявілі 21% рэспандэнтаў.
Сацыёлягі адзначылі істотныя адрозьненьні ў стаўленьні да яго паміж рознымі этнічнымі і моўнымі групамі латвійскага грамадзтва: сярод этнічных латышоў пра станоўчае стаўленьне да Лукашэнкі паведамілі 10% апытаных, сярод расейскамоўных грамадзянаў Латвіі — 38%, сярод этнічных расейцаў, жыхароў Латвіі — 39%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінцаў спыталі, як яны ставяцца да Лукашэнкі і розных эўрапейскіх лідэраў. Што яны адказалі