У Будслаўскі касьцёл вярнулі статую, пашкоджаную пры пажары. ФОТА

Касьцёл у Будславе

Статуя Хрыста, пашкоджаная пры пажары амаль чатыры гады таму, вярнулася ў хрысьціянскую субожню.

У Будслаўскі касьцёл па рэстаўрацыі вярнулася фігура Езуса Журботнага. Яна адносіцца да першай паловы XVII ст. Пра вяртаньне знакавай статуі піша старонка budslau у інстаграме і прыкладае здымак.

У час Вялікага посту статую Езуса Журботнага ўжо можна будзе ўбачыць у касьцёле.

Статуя Езуса Журботнага, вернутая ў касьцёл па рэстаўрацыі

Пажар у нацыянальным санктуарыі ў Будславе здарыўся 11 траўня 2021 году. У выніку абваліўся дах, а вада пашкодзіла сьцены, падлогу і мэблю. Абраз Маці Божай Будслаўскай, Найсьвяцейшы Сакрамэнт і іншую каштоўную маёмасьць пасьпелі вынесьці. Кіраўніцтва касьцёла неадкладна зьвярнулася па дапамогу ў зборы сродкаў, былі адкрытыя адмысловыя рахункі.

За першы год пасьля пажару валянтэры разабралі абгарэлыя часткі, прасушылі ўнутранае ўбраньне і арганы, усталявалі чуйнікі вільгаці, ачысьцілі дах ад сьмецьця і вугалю, разабралі падвалы. У пачатку чэрвеня будаўнікі накрылі часовы дах, а таксама наладзілі сыстэму адводу дажджавой вады.

Першую імшу пасьля пажару ў Будславе правялі 31 сьнежня 2021 году.

Аднаўленьне сьвятыні працягваецца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тры гады пасьля пажару ў нацыянальным санктуарыі ў Будславе. Як ён выглядае цяпер. ФОТА

Касьцёл у Будславе — помнік позьняга барока, яго архітэктура прызнаная ўнікальнай на землях усёй былой Рэчы Паспалітай. Абраз Будслаўскай Божай Маці — адна з самых значных каталіцкіх сьвятынь, яе шануюць як абаронцу ўсіх беларускіх каталікоў.

Сёлета ў ліпені адбудзецца Будслаўскі фэст. У Будслаў на яго традыцыйна пойдуць у пілігрымку хрысьціянскія вернікі з розных гарадоў і мястэчак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі даведаліся пра Кандрусевіча, то проста не прыехалі». Чаму ў Беларусі адмяняюць трансьляцыю набажэнстваў з касьцёлаў