У мікрараёне Сухарава ў Менску 1 сакавіка пачаліся зямельныя работы для падрыхтоўкі тэрыторыі пад узьвядзеньне касьцёла Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі.
Пра пачатак будаўнічых работ паведаміла парафія.
Ілюстрацыя парафіі Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі ў Менску
На працягу 10 гадоў яна зьбіраецца ў часовай капліцы, і цяпер, нарэшце, пачынаюцца работы ў будаўніцтве храма, піша Katolik.life.
Тым часам у новым мікрараёне Грандзічы ў Горадні пачалі выраўноўваць участак пад узьвядзеньне касьцёла Сьвятога айца Піо.
У касьцёла даволі рэдкі для Беларусі тытул (трэці такі пасьля Маладэчна і Лёзна) — а. Піё. Апекуном выбраны вядомы стыгматык і сьвяты Каталіцкай царквы а. Піё з П’етрэльчыны (1887–1968). Каталікі вераць, што празь яго заступніцтва і цяпер зьдзяйсьняецца шмат ацаленьняў і цудаў.
Летась у ліспападзе біскуп Горадзенскі Ўладзімер Гуляй асьвяціў пляцоўку пад будаўніцтва гэтага касьцёла.
Праект касьцёлу ў мікрараёне Грандзічы ў Горадні. Ілюстрацыя паарфіі Сьвятога айца Піо
Абедзьве парафіі працягваюць збор ахвяраваньняў, на якія вядзецца будаўніцтва, па рэквізытах на сваіх парафіяльных старонках у Менску і Горадні.
У той жа час у Пінску рамантуюць фасад катэдральнага касьцёла Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыi, пабудаванага ў пачатку XVIII стагодзьдзя, помнік архітэктуры.
Прамысловыя альпіністы ачышчаюць сьцены і рыхтуюць іх да афарбоўкі, умацоўваюць пашкоджаныя ўчасткі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Будслаўскі касьцёл вярнулі статую, пашкоджаную пры пажары. ФОТА