«Трэба капаць». Лукашэнка даручыў шукаць у Беларусі радовішчы рэдказямельных мэталаў

Перапрацоўка мінэральных угнаеньняў. Ілюстрацыйнае фота

Аляксандар Лукашэнка паставіў перад беларускімі спэцыялістамі пытаньне аб наяўнасьці ў краіне радовішчаў рэдказямельных мэталаў.

«Найбольш актуальная тэма. [...] Гавораць, што ў нас у адвалах ёсьць рэдказямельныя мінэралы. Трэба правесьці разьведку і іншага: і хімія, і нафта, і газ, і іншае. Я ставіў адпаведную задачу перад адпаведным міністрам», — працытавала Аляксандра Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Паводле яго, геалягічная разьведка ў Беларусі разьвіваецца недастаткова, а тэматыка пошуку рэдказямельных мэталяў выпадае з полю зроку айчынных спэцыялістаў.

«Рэдказямельныя мэталы выгаворвае толькі Трамп у Злучаных Штатах Амэрыкі. Вы над гэтым пакуль не задумваліся. Іх шмат не бывае ў зямлі. Можа, у нас ня менш, чым у іншых?», — пацікавіўся Лукашэнка.

«Міністру прыродных рэсурсаў і аховы навакольля ўпірацца разам з вамі давядзецца прыстойна. Гэта будучыня. Трэба капаць, трэба глядзець, што ёсьць у нас у зямлі», — сказаў Лукашэнка, зьвяртаючыся да прызначанага 4 сакавіка віцэ-прэм’ера Юрыя Шулейкі.

Тэма радовішчаў рэдказямельных мэталяў зьявілася ў публічнай прасторы пасьля таго, як улады Ўкраіны прапанавалі ЗША доступ да гэтых выкапняў у абмен на гарантыі бясьпекі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усё навідавоку — бяры і перапрацоўвай». Навуковец Сяргей Бесараб — пра рэдказямельныя мэталы ў Беларусі і сьвеце
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп заявіў, што хоча атрымаць ад Украіны рэдказямельныя мэталы ў абмен на дапамогу