Польшча ўнесла ў санкцыйны сьпіс ужо пятага беларускага экспартэра ўгнаеньняў

Ілюстрацыйнае фота

Польшча ўвяла санкцыі супраць беларускага экспартэра мачавіны, піша выданьне Strefabiznesu.pl з спасылкай на Міністэрства фінансаў.

Польшча працягвае рабіць захады для перадухіленьня незаконнага ўвозу беларускай мачавіны, адзначае выданьне Strefabiznesu.pl.

Так, Міністэрства фінансаў Польшчы паведаміла аб унясеньні ў санкцыйны сьпіс МУС краіны яшчэ аднаго, ужо пятага па ліку, беларускага экспартэра — кампаніі MetaTradingProm LLC.

Нацыянальная падатковая адміністрацыя заяўляе, што дзякуючы яе дзеяньням аб’ём увозу гэтага тавара ў Польшчу і Эўрапейскі зьвяз скараціўся больш як на 80%.

У абгрунтаваньні рашэньня Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі аб санкцыях супраць экспартэра ўгнаеньняў MetaTradingProm LLC указала, што кампанія выступала ў якасьці пасярэдніка, прадаючы мачавіну, вырабленую «Гродна Азотам», які таксама знаходзіцца ў санкцыйным сьпісе.

Набываючы прадукцыю ў «Гродна Азоце», MetaTradingProm LLC парушыла санкцыйныя забароны і абмежаваньні. Гэтыя санкцыі ўключаюць забарону на імпарт і экспарт беларускіх тавараў, вырабленых санкцыянаванымі кампаніямі, незалежна ад краіны, кампаніі ці іншых пасярэдніцкіх умоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер Літвы назваў 12-мільярдны пазоў «Беларуськалію» ў арбітраж палітычным ціскам
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Унучцы» «Беларуськалію» падаткоўцы заблякавалі рахункі, а маёмасьць выставілі на аўкцыён