Улады расказалі, дзе ў Беларусі будуць шукаць рэдказямельныя мэталы

Ілюстрацыйнае фота

Напярэдадні Аляксандар Лукашэнка даручыў мясцовым спэцыялістам шукаць у Беларусі радовішчы рэдказямельных мэталаў.

Нарада аб пэрспэктывах работ па пошуку рэдказямельных элемэнтаў і рэдказямельных мэталаў на тэрыторыі Беларусі 5 сакавіка прайшла ў НПЦ па геалёгіі, паведамляе БелТА з спасылкай на Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя.

«Пэўныя пэрспэктывы выяўленьня названых элемэнтаў і мэталаў мы зьвязваем з пародамі крышталічнага фундамэнту ў межах Жыткавіцкага раёну Гомельскай вобласьці, а таксама Шчучынскага і Горадзенскага раёнаў Горадзенскай вобласьці», — заявіў кіраўнік ведамства Сяргей Масьляк і падкрэсьліў, што задачу актывізаваць пошукі рэдказямельных мэталаў паставіў Аляксандар Лукашэнка.

Па словах Масьляка, цяпер спэцыялісты вывучаюць наяўныя фондавыя геалягічныя матэрыялы, каб вызначыць напрамак і аб’ём будучых працаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усё навідавоку — бяры і перапрацоўвай». Навуковец Сяргей Бесараб — пра рэдказямельныя мэталы ў Беларусі і сьвеце

4 сакавіка Аляксандар Лукашэнка паставіў перад беларускімі спэцыялістамі пытаньне аб наяўнасьці ў краіне радовішчаў рэдказямельных мэталаў. Ён загадаў правесьці разьведку па хімічных элемэнтах, нафце і газе.

«Рэдказямельныя мэталы выгаворвае толькі Трамп у Злучаных Штатах Амэрыкі. Вы над гэтым пакуль не задумваліся. Іх шмат не бывае ў зямлі. Можа, у нас ня менш, чым у іншых?», — пацікавіўся Лукашэнка.

Тэма радовішчаў рэдказямельных мэталяў зьявілася ў публічнай прасторы пасьля таго, як улады Ўкраіны прапанавалі ЗША доступ да гэтых выкапняў у абмен на гарантыі бясьпекі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Трэба капаць». Лукашэнка даручыў шукаць у Беларусі радовішчы рэдказямельных мэталаў