У Румыніі затрымалі 6 чалавек па падазрэньні ў дзяржаўнай здрадзе і падрыхтоўцы перавароту. Іх вінавацяць у сувязях з РФ

Ілюстрацыйнае фота

Па вэрсіі сьледзтва, затрыманыя імкнулася падарваць сувэрэнітэт і незалежнасьць Румыніі шляхам палітычнай дэстабілізацыі і паслабленьня абараназдольнасьці краіны. Пра гэта паведамляе румынская служба Радыё Свабода.

Сьледчыя высьветлілі, што пяцёра абвінавачаных сфармавалі злачынную групу яшчэ ў 2023 годзе. У 2024 годзе да іх далучыўся шосты ўдзельнік. Крыніцы румынскай службы Радыё Свабода паведамілі, што група называецца «Генэральны штаб Камандаваньня „Ўлад Цэпэш“». Яе кіраўніком называюць адстаўнога 101-гадовага генэрала Раду Тэадору, ён адзін з шасьці абвінавачаных.

«Усе члены групы вялі бесьперапынную, сьвядомую, публічную або схаваную дзейнасьць для дасягненьня сваёй мэты. Акрамя таго, члены групы неаднаразова ўступалі ў кантакт з агентамі замежнай дзяржавы, якія знаходзяцца як на тэрыторыі Румыніі, так і на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі», — гаворыцца ў заяве Дырэктарату па расьсьледаваньні арганізаванай злачыннасьці і тэрору.

Паводле дадзеных пракуратуры, у студзені двое абвінавачаных езьдзілі ў Маскву, дзе размаўлялі зь людзьмі, гатовымі падтрымаць іх намаганьні па захопе ўлады ў Румыніі.

У рамках расьсьледаваньня адбыліся восем ператрусаў у розных рэгіёнах Румыніі. 6 сакавіка Апэляцыйны суд Бухарэста павінен прыняць рашэньне аб арышце чатырох абвінавачаных і хатнім арышце для двух іншых.

Днём раней МЗС Румыніі абвясьціў пэрсонамі нон грата вайсковага аташэ пасольства Расеі і ягонага памочніка і абавязаў іх неадкладна пакінуць краіну. Пасаду вайсковага аташэ займаў Віктар Макоўскі, ягонага памочніка — Яўген Ігнацьеў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча аб’явіла ў вышук асуджаную за шпіянаж беларуску Дарʼю Астапенку
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы абвешчаны ў вышук беларус, якога падазраюць у датычнасьці да дывэрсіяў