Туск: неабходна павялічыць прысутнасьць вайскоўцаў ЭЗ і NATO на мяжы зь Беларусьсю і РФ

Дональд Туск. Архіўнае фота

Прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск перад пачаткам саміту па пераўзбраеньні ЭЗ падкрэсьліў неабходнасьць разгледзець пытаньне павелічэньня прысутнасьці войскаў Эўразьвязу і NATO на мяжы з Расеяй і Беларусьсю, перадае карэспандэнтка ўкраінскай службы Радыё Свабода.

«Сёньня мы шмат гаворым аб гарантыях бясьпекі для Ўкраіны. Але каб па-сапраўднаму прапанаваць гарантыі бясьпекі іншым, мы павінны быць у бясьпецы самі. Таму першае, што мы павінны зрабіць у Эўропе, — гэта цалкам абараніць нашы ўласныя межы, асабліва з Расеяй і Беларусьсю.

Гэта найперш азначае забесьпячэньне бясьпекі Балтыйскага рэгіёну, паветранай прасторы і кібэрпрасторы. Гэтыя фактары вызначаюць нашу бясьпеку, і калі яны будуць на месцы, мы зможам даць лепшую і больш эфэктыўную падтрымку Ўкраіне», — заявіў Туск.

Прэмʼер Польшчы паўтарыў, што прыняцьце Эўропай на сябе большай адказнасьці за ўласную бясьпеку не азначае адмовы ад неабходнасьці максымальна цеснага саюзу са Злучанымі Штатамі.

«Сёньня Амэрыка — больш патрабавальны і складаны партнэр. Але, умацоўваючы нашую абарону, мы фактычна павінны паляпшаць трансатлянтычныя адносіны. Захаваньне NATO і саюзу са Злучанымі Штатамі павінна заставацца абсалютным прыярытэтам.

Нават калі іншы бок не заўсёды дэманструе моцную цікавасьць да гэтага сёньня, мы ўсё роўна павінны рабіць сваю частку працы і быць надзейным саюзьнікам для ЗША і ўсіх астатніх членаў NATO», — адзначыў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макрон ня выключыў, што Францыя возьме краіны ЭЗ пад ядзерны парасон

Таксама Туск адрэагаваў на гатовасьць Францыі падзяліцца сваім ядзерным патэнцыялам зь іншымі эўрапейскімі партнэрамі, падкрэсьліўшы, што гэтая прапанова «заслугоўвае разгляду».

«Мы павінны сурʼёзна разгледзець гэтую прапанову, паколькі адным з нашых прыярытэтаў павінна стаць каардынаваньне ўсіх нашых магчымасьцяў у Эўропе і стварэньне сапраўды добра скаардынаваных узброеных сілаў.

Менавіта гэта можа даць нам яўную перавагу над Расеяй. І, вядома, як заўсёды, важныя дэталі, але гатовасьць Францыі ў гэтым пытаньні вельмі значная», — падкрэсьліў прэмʼер-міністар Польшчы.

Акрамя таго, паводле слоў Туска, абарона паветранай прасторы над Украінай — «відавочная неабходнасьць» для самой Украіны, а таксама ідэя, якую ён прапанаваў некалькі месяцаў таму разам з прэмʼер-міністрам Грэцыі, — паветраны шчыт над Эўропай, асабліва над усходнім флянгам, — «заслугоўвае падтрымкі». Прэмʼер пацьвердзіў, што Польшча гатовая супрацоўнічаць з усімі для павышэньня бясьпекі Ўкраіны.

«Польшча, у згодзе з Украінай і іншымі краінамі, засяродзіцца найперш на лягістычнай бясьпецы і абароне мяжы Эўропы з Расеяй, таму мы ня будзем адпраўляць польскіх жаўнераў ва Ўкраіну.

Аднак сумесныя намаганьні па забесьпячэньні бясьпечнай паветранай прасторы над Польшчай і Ўкраінай — гэта тое, што кожная эўрапейская краіна пачынае ўспрымаць сурʼёзна», — заявіў Туск.

Паводле ягоных слоў, «канкрэтным вынікам» сустрэчы павінна стаць «неадкладнае» выдзяленьне 150 мільярдаў эўра на ўзбраеньне — мільярды эўра для забесьпячэньня бясьпекі Польшчы і Эўропы на ўсходняй мяжы.

«Я глыбока веру, што амэрыканская падтрымка ў пытаньнях сувязі, выведкі і аналітычных дадзеных працягнецца. Яе няпроста замяніць, і ніхто не павінен успрымаць гэта як пажаданьне ці простую задачу. Амэрыканская падтрымка ў гэтым пытаньні... Паслухайце, няма сэнсу скардзіцца на новую рэальнасьць, мы павінны навучыцца зь ёю жыць.

Я чакаю, што частыя зьмены меркаваньняў у Вашынгтоне — якія сёньня, падобна, сталі стылем працы амэрыканскай адміністрацыі — прымушаюць мяне верыць, што... гэта не канчатковае рашэньне.

Нягледзячы ні на што, Украіна і ўсе эўрапейскія краіны павінны таксама працаваць над сваімі магчымасьцямі ў гэтым напрамку», — падкрэсьліў ён.

  • 6 сакавіка прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі прыбыў у Брусэль для ўдзелу ў спэцыяльным саміце эўрапейскіх лідэраў.
  • У канцы лютага прэзыдэнт Эўрапейскай рады Антонію Кошта запрасіў Зяленскага на спэцыяльны саміт ЭЗ па пытаньнях бясьпекі Ўкраіны і Эўразьвязу, заплянаваны на 6 сакавіка.
  • Саміт скліканы на фоне зьмены палітыкі ЗША ў адносінах да вайны Расеі супраць Украіны. Адміністрацыя Дональда Трампа імкнецца як мага хутчэй завяршыць вайну, патрабуючы саступак ад абодвух бакоў — Украіны і Расеі.
  • У ЭЗ заяўляюць, што трымаюцца сваёй пазыцыі, якая прадугледжвае неабходнасьць падтрымліваць Украіну «столькі, колькі спатрэбіцца», і што Кіеў ня варта падштурхоўваць да нявыгадных для яго пагадненьняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Брусэлі з удзелам Зяленскага праходзіць саміт Эўразьвязу, прысьвечаны бясьпецы Эўропы і Ўкраіны