Суд у Польшчы арыштаваў дэпутата Сэйму паводле абвінавачаньня ў карупцыі

Дарыюш Матэцкі

Суд у Варшаве арыштаваў дэпутата Сэйму ад апазыцыйнай партыі «Права і справядлівасьць» Дарыюша Матэцкага паводле абвінавачаньня ў карупцыі. Яму інкрымінавалі шэсьць пунктаў, за якія дэпутат можа быць асуджаны на 10 гадоў пазбаўленьня волі, паведамляе Польскае агенцтва друку.

У сераду адпаведная камісія Сэйму па патрабаваньні пракурора рэкамэндавала пазбавіць дэпутата недатыкальнасьці, пасьля чаго 36-гадовы Матэцкі заявіў, што здымае недатыкальнасьць, назваўшы гэта сваім «ганаровым абавязкам» перад грамадзянамі. У чацьвер парлямэнт даў згоду на затрыманьне дэпутата.

Матэцкага вінавацяць у фіктыўным працаўладкаваньні ў Дзяржаўным лясным інфармацыйным цэнтры і абласным упраўленьні дзяржаўных лясоў і фальсыфікацыі справаздачнасьці. Сваю віну ён адмаўляе. На фоне крымінальнай справы Цэнтральнае антыкарупцыйнае бюро затрымала кіраўніцтва структур, адказных за лясную гаспадарку ў Польшчы і горадзе Шчэцін на паўночным захадзе краіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі назваў склад украінскай дэлегацыі на перамовах з ЗША ў Саудаўскай Арабіі