Прэзыдэнт ЗША пракамэнтаваў імавернасьць спыненьня дзяржаўнага фінансаваньня

Дональд Трамп. Архіўнае фота

У ЗША фінансавы год пачынаецца з 1 кастрычніка і працягваецца да 30 верасьня.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што ўрадавага «шатдаўну» ня будзе, паколькі прапанаваны законапраект аб фінансаваньні ўраду будзе ўхвалены.

«Гэта можа здарыцца. Гэтага не павінны было адбыцца і, імаверна, ня будзе», — сказаў Дональд Трамп журналістам аб магчымым спыненьні дзяржаўнага фінансаваньня.

Чакаецца, што Палата прадстаўнікоў, якую ачольваюць рэспубліканцы, прагаласуе за рэзалюцыю 11 сакавіка, паколькі ў канцы тыдня фінансаваньне заканчваецца. Гэты дакумэнт забясьпечыць фінансаваньне ўраду да 30 верасьня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кангрэсе ЗША адхілілі законапраект аб часовым фінансаваньні ўраду, краіне пагражае «шатдаўн»

Летась у сьнежні Сэнат ЗША ўхваліў закон аб часовым фінансаваньні, які дазваляў пазьбегнуць так званага «шатдаўну» да сакавіка 2025 году.

Ухваленьне дзяржаўнага бюджэту Кангрэсам ЗША заўсёды было складаным працэсам з прычыны падзелу дзьвюх палат паміж рэспубліканцамі і дэмакратамі.

У ЗША фінансавы год пачынаецца з 1 кастрычніка і працягваецца да 30 верасьня. Ва ўмовах, калі бюджэт на новы фінансавы год не ўхвалены Кангрэсам і не падпісаны прэзыдэнтам, фінансаваньне дзяржаўных устаноў адбываецца на падставе рэзалюцый аб часовым фінансаваньні на ўзроўні папярэдняга фінансавага году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Замарожваньне замежнай дапамогі Трампам можа стаць бонусам для аўтарытарных рэжымаў сьвету, уключна з Лукашэнкам

Шатдаўн — сытуацыя, калі пасьля завяршэньня папярэдняга фінансавага году бюджэт на новы год яшчэ не прайшоў узгадненьня ў Кангрэсе. У такім выпадку значная частка дзяржаўных службоўцаў вымушана спыніць работу.