Румынія: Джарджэску падаў апэляцыю на рашэньне аб нядопуску да выбараў прэзыдэнта

Кэлін Джарджэску.

Ультраправы прарасейскі палітык Кэлін Джарджэску ўвечары 10 сакавіка падаў у Канстытуцыйны суд Румыніі апэляцыю на рашэньне Цэнтральнай выбарчай камісіі, якая 9 сакавіка адмовілася рэгістраваць кандыдатуру Джарджэску на прэзыдэнцкіх выбарах.

Канстытуцыйны суд зьбярэцца для прыняцьця рашэньня ў 17.00 11 сакавіка, ягоны вэрдыкт будзе канчатковым. Як паведаміла румынская служба Радыё Свабода, каля паўтысячы прыхільнікаў Джарджэску ўжо сабраліся пад будынкам Канстытуцыйнага суду, які знаходзіцца ў тым жа будынку, што і парлямэнт краіны.

9 сакавіка пасьля абвяшчэньня рашэньня ЦВК у Бухарэсьце адбыліся сутыкненьні паміж прыхільнікамі палітыка і праваахоўнікамі.

Паводле абвешчаных 10 сакавіка дадзеных паліцыі, 13 праваахоўнікаў атрымалі раненьні ў выніку сутыкненьняў з актывістамі ў Старым цэнтры Бухарэсту.

Прадстаўнік румынскай паліцыі, галоўны камісар Актавіян Дан адзначыў, што пасьля сутыкненьняў учора вечарам у Старым цэнтры зьнішчаныя сама меней восем вітрын, разьбіты ходнік, падпаленыя вулічная мэбля і сьмецьцевыя бакі.

Цэнтральная выбарчая камісія Румыніі ў Бухарэсьце 9 сакавіка прызнала кандыдатуру Джарджэску несапраўднай. У рашэньні ўказваецца, што румынскі ЦВК адхіліў кандыдатуру палітыка з прычыны праблем з дакумэнтамі — «ён падаў непадпісаны зварот з тлумачэньнем розьніцы ў даходах у яго дэклярацыі».

Джарджаску адрэагаваў на рашэньне ЦВК Румыніі і назваў яго «прамым ударам у сэрца дэмакратыі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Румыніі пратэсты пасьля адмовы ў рэгістрацыі прарасейскага палітыка Джарджэску на новых выбарах
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Румыніі затрымалі 6 чалавек па падазрэньні ў дзяржаўнай здрадзе і падрыхтоўцы перавароту. Іх вінавацяць у сувязях з РФ

ХХХ