Расея прыпыняла пастаўкі нафты Вугоршчыне пасьля атакі дрона на трубаправод «Дружба»

Фрагмэнт  трубаправоду «Дружба» на тэрыторыі Вугоршчыны, архіўнае фота

Кіраўнік МЗС Вугоршчыны Пэтэр Сіярта заявіў, што пастаўкі расейскай нафты ў краіну трубаправодам «Дружба» былі часова спыненыя пасьля атакі ўкраінскага бесьпілётніка на вымяральную станцыю. Пра гэта паведамляе вугорскае выданьне Hirado з спасылкай на заяву міністра.

Паводле Сіярта, ён даведаўся пра інцыдэнт ад расейскага боку. Вугорскі міністар абмеркаваў сытуацыю зь віцэ-прэм’ерам Расеі Аляксандрам Новакам.

Атака адбылася ў ноч на 11 сакавіка, калі ўкраінскія бесьпілётнікі таксама атакавалі Маскву і іншыя расейскія гарады.

Сіярта назваў удары па абʼектах энэргетыкі, зьвязаных з Вугоршчынай, непрымальнымі і падкрэсьліў, што энэргазабесьпячэньне краіны — гэта пытаньне яе сувэрэнітэту. Ён заклікаў Кіеў не атакаваць інфраструктуру, якая вядзе ў Вугоршчыну, адзначыўшы, што Будапэшт не нясе адказнасьці за вайну.

Пазьней Сіярта паведаміў, што пасьля рамонтных работаў пастаўкі аднавіліся ўвечары 11 сакавіка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскі Генэральны штаб паведаміў пра пасьпяховы ўдар па Маскоўскім НПЗ

Расея афіцыйна не камэнтавала здарэньня. У сваю чаргу Генэральны штаб Узброеных сілаў Украіны паведаміў, што ў ноч на 11 сакавіка ўкраінскія бесьпілётнікі нанесьлі ўдары па лінейна-вытворчай дыспэтчарскай станцыі «Сталёвы конь» у Арлоўскай вобласьці.

Паводле ўкраінскага боку, гэты абʼект кіруе тэхналягічнымі працэсамі нафтаправоду «Дружба» і адыгрывае ключавую ролю ў транспартаваньні нафты на тэрмінал у порце Усць-Луга ў Ленінградзкай вобласьці.