Ніжняя палата Кангрэсу ЗША ўхваліла праект бюджэту, але пагроза спыненьня фінансаваньня ўраду застаецца

Будынак Кангрэсу ЗША. Вашынгтон, 10 сакавіка 2025 году

У Сэнаце законапраекту ў дадатак да галасоў рэспубліканцаў спатрэбіцца падтрымка прынамсі васьмі дэмакратаў.

Увечары 11 сакавіка Палата прадстаўнікоў ухваліла законапраект аб фінансаваньні фэдэральных агенцтваў да верасьня, але пэрспэктывы разгляду бюджэту ў Сэнаце ў бліжэйшую пятніцу няясныя.

Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША, у якой большасьць маюць рэспубліканцы, у аўторак прыняла законапраект, які мае перадухіліць так званы «шатдаўн», частковае спыненьне працы ўраду і фэдэральных агенцтваў да верасьня.

Законапраект аб часовым працягу фінансаваньня быў прыняты 217 галасамі «за» пры 213 «супраць», пры гэтым адзін рэспубліканец прагаласаваў «супраць», а адзін дэмакрат — «за».

Праект яшчэ павінен прайсьці Сэнат, у якім большасьць таксама складаюць рэспубліканцы, каб закон быў падпісаны, паведамляе «Голас Амэрыкі».

У Сэнаце законапраекту спатрэбіцца падтрымка як мінімум васьмі дэмакратаў, каб ён трапіў на стол прэзыдэнта Дональда Трампа. Гэта адно з найбуйнейшых заканадаўчых выпрабаваньняў другога тэрміну прэзыдэнта-рэспубліканца, піша агентцва AP.

У Сэнаце законапраекты аб асыгнаваньнях мусяць для прыняцьця адолець парог у 60 галасоў , што азначае, што рэспубліканцам трэба будзе забясьпечыць і галасы дэмакратаў.

Палата прадстаўнікоў учора спыніла сэсію на астатнюю частку тыдня, пачынаючы з аўторка, тым самым аказваючы ціск на сэнатараў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У звароце да Кангрэсу ЗША Трамп заявіў, што Зяленскі гатовы падпісаць пагадненьне аб карысных выкапнях «у любы час»