Пуцін: мы за мір, але застаецца шмат пытаньняў

Уладзімір Пуцін падчас наведваньня Курскай вобласьці 12 сакавіка 2025

Кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін на супольнай прэсавай канфэрэнцыі з Аляксандрам Лукашэнкам у Маскве заявіў, што Расея ў прынцыпе згодная з амэрыканскімі прапановамі спыніць баявыя дзеяньні, але дамова павінна «прывесьці да доўгатэрміновага міру і ліквідаваць першапрычыны крызісу».

Пуцін сказаў, што да прапановы аб 30-дзённым перамір’і ў вайне Расеі супраць Украіны застаецца шмат пытаньняў. Паводле яго, расейскія войскі маюць вялікія посьпехі ў Курскай вобласьці і на ўсім фронце і таму перамір'е было б выгаднае Ўкраіне.

Пуцін сказаў, што няясна, ці будзе Ўкраіна працягваць мабілізацыю і атрымліваць заходнюю зброю падчас такога перамір'я, а таксама хто будзе кантраляваць выкананьне перамір'я.

Чакаецца, што сёньня ў Маскве пройдуць перамовы паміж прадстаўнікамі Расеі і ЗША. Агенцтва Reuters паведаміла са спасылкай на свае крыніцы, што Пуцін мае ўжо цяпер сустрэцца з Стывам Уіткафам, пасланьнікам прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа.

Агенцтва Reuters паведамляе, што Трамп назваў заяву Пуціна «шматабяцальнай, але няпоўнай» і сказаў, што ён гатовы размаўляць з расейскім прэзыдэнтам наконт перамір’я. «Спадзяюся, што Расея паступіць правільна», — заявіў ён падчас сустрэчы з генэральным сакратаром NATO Маркам Рутэ ў Белым доме.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці прыме Расея прапанову ЗША аб спыненьні агню з Украінай? Аналіз Свабоды