Дату інаўгурацыі Лукашэнкі абяцаюць назваць на наступным тыдні. Пасьля выбараў прайшлі рэкордныя 47 дзён

Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Улады паведамілі, што ЦВК Беларусі мае паведаміць дату інаўгурацыі Лукашэнкі на наступным тыдні.

Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі мусіць аб’явіць дату інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі на наступным тыдні, заявіла ў Маскве расейскаму агенцтву ТАСС прэс-сакратарка Лукашэнкі Натальля Эйсмант.

ЦВК 3 лютага зацьвердзіла перамогу Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах 26 студзеня.

Ідзе ўжо 47-ы дзень пасьля выбараў 2025 году. Дагэтуль рэкордам была паўза ў 45 дзён з дня выбараў да дня інаўгарацыі пасьля 2020 году.

Згодна з артыкулам 83 абноўленай Канстытуцыі Беларусі пераможца выбараў павінен скласьці прысягу «ўва ўрачыстай абстаноўцы ў прысутнасьці чальцоў Прэзыдыюму Ўсебеларускага народнага сходу, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і чальцоў Савету рэспублікі, судзьдзяў Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў не пазьней, чым цягам двух месяцаў з дня абраньня».

Такім чынам, Лукашэнка яшчэ не прыведзены да прысягі, але пасьпеў зацьвердзіць склад новага ўраду і накіравацца з афіцыйным візытам у Маскву. Сёньня ён мае выступіць у Савеце Фэдэрацыі Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калі ў Лукашэнкі былі інаўгурацыі і першыя пасьля выбараў паездкі ў Расею
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Без інаўгурацыі і без прэм’ера. Як Лукашэнка фармаваў новы ўрад. Аналіз Карбалевіча