Праваахоўныя органы Літвы перадалі ў суд справу супраць двух грамадзян Украіны, якіх абвінавацілі ў незаконным захоўваньні выбухоўкі і ўчыненьні тэрарыстычнага акту ў віленскім гандлёвым цэнтры IKEA 9 траўня 2024 году.
«Сабраныя зьвесткі дазволілі прыйсьці да высновы, што арганізатар — расейская вайсковая выведка. У гэтай частцы расьсьледаваньне працягваецца», — працытавала выданьне delfi.lt галоўнага пракурора Дэпартамэнту расьсьледаваньня арганізаваных злачынстваў Генэральнай пракуратуры Літвы Артураса Ўрбяліса.
Паводле яго, аднаго грамадзяніна Ўкраіны будуць судзіць ў Віленскім акруговым судзе, а другога — у Польшчы, дзе яго затрымалі. Маладыя людзі, адзін зь якіх непаўналетні, падклалі ў IKEA выбухоўку, у выніку чаго 9 траўня 2024 году адбыўся пажар. Страты склалі амаль паўмільёна эўра.
Паводле сьледзтва, аб’ект тэрарыстычнага акту выбралі невыпадкова, бо IKEA пакінула расейскі рынак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусу выставілі абвінавачаньне ў падпале супэрмаркету ў Варшаве на заданьне выведкі Расеі