Міжнародны алімпійскі камітэт упершыню ачоліла жанчына

Крысьці Ковэнтры

Двухразовая алімпійская чэмпіёнка па плаваньні, сябра выканкаму Міжнароднага алімпійскага камітэту (МАК) Кірсьці Ковэнтры абраная новай прэзыдэнткай камітэту. Яна стане дзясятым кіраўніком у гісторыі арганізацыі. Цяпер яна займае пасаду міністаркі спорту Зымбабвэ.

41-гадовая Ковэнтры — першая жанчына і першая прадстаўніца Афрыкі на чале МАК. Яна стала самай маладой кіраўніцай арганізацыі ў гісторыі, пасьля заснавальніка камітэту П’ера дэ Кубэртэна.

Ковэнтры афіцыйна ўступіць на пасаду 23 чэрвеня 2025 году, калі завершыцца тэрмін паўнамоцтваў Томаса Баха. Прэзыдэнт МАК абіраецца на 8 гадоў і мае права перавыбірацца яшчэ на палову тэрміну.

Пры Баху ў 2022 годзе Беларусь і Расея была адхіленая ад міжнародных спаборніцтваў у алімпійскіх відах спорту за ўварваньне войскаў РФ ва Украіну і спрыяньне Беларусі гэтаму ўварваньню.

Ковентры падчас перадвыбарнай кампаніі практычна не закранала тэму ўдзелу расейцаў у бліжэйшых Алімпіядах. Яна падтрымлівала адхіленьне Расеі ад спаборніцтваў і допуск да іх расейскіх спартоўцаў у нэўтральным статуце.

Камэнтуючы гэтую тэму, Ковентры нагадала, што падчас яе спартыўнай кар'еры Зымбабвэ была пад міжнароднымі санкцыямі.

«Міжнародная супольнасьць лёгка магла не дазволіць нам браць удзел у спаборніцтвах. Якім было б у такім выпадку маё жыцьцё сёньня? Я ўдзячная за тое, што мяне не прыцягвалі да адказнасьці за дзеяньні палітычных лідэраў і ўрадаў», – сказала яна.

  • Прэзыдэнтам беларускага НАК цяпер зьяўляецца старэйшы сын Аляксандра Лукашэнкі Віктар. Ён ўзначаліў НАК 26 лютага 2021 году, зьмяніўшы свайго бацьку, які займаў гэтую пасаду з 1997 году. Да гэтага Віктар Лукашэнка два гады працаваў першым віцэ-прэзыдэнтам арганізацыі. Замена адбылася пасьля таго, як Менск страціў права правядзеньня чэмпіянату сьвету ў хакеі, а Міжнародны алімпійскі камітэт увёў санкцыі супраць беларускага НАК за недастатковую абарону спартоўцаў ад дыскрымінацыі. Тады МАК не прызнаў «выбараў» і прызначэньня Віктара Лукашэнкі.
  • Кантакты зь Беларусьсю МАК падтрымлівае праз генэральнага сакратара НАК Беларусі Ксенію Санковіч. Напрыклад, летась у кастрычніку кіраўнік МАК Томас Бах сустракаўся з Санковіч у Швайцарыі. Санковіч адзначыла, што сустрэча зьяўляецца «добрым знакам», але працэс зьняцьця санкцый патрабуе шмат часу. Дэталяў перамоў яна не раскрыла.
  • На фоне абмежаваньняў, уведзеных пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне, беларускія спартоўцы сёньня выступаюць у нэўтральным статусе ці застаюцца адхіленымі ад міжнародных спаборніцтваў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Віктар Лукашэнка застаецца прэзыдэнтам НАК, але за яго прагаласавалі ня ўсе