Спэцпасланьнік Трампа сказаў у інтэрвію Такеру Карлсану, што Ўкраіна пагадзілася правесьці выбары прэзыдэнта

Спэцпасланьнік прэзыдэнта ЗША Стыў Уіткоф.

Спэцпасланьнік прэзыдэнта ЗША Стыў Уіткоф сьцьвярджае, што ўлады Ўкраіны пагадзіліся правесьці выбары прэзыдэнта ў краіне. Аб гэтым ён сказаў у інтэрвію журналісту Такеру Карлсану, якое было апублікавана ў ноч 22 сакавіка.

Карлсан задаў пытаньне Уіткофу аб тым, ці будуць выбары ва Ўкраіне, бо расейскія ўлады лічаць Уладзіміра Зяленскага «нелегітымным» прэзыдэнтам і адмаўляюцца падпісваць зь ім мірную дамову.

«Так, яны адбудуцца. Яны ўжо пагадзіліся на гэта», — сказаў Уіткоф.

У гэтым жа інтэрвію спэцпасланнік Дональда Трампа зазначыў, што «самым вялікім пытаньнем» вайны Расеі супраць Украіны стаў статус анэксаванага Крыма і акупаваных украінскіх тэрыторый.

«Яны расейскамоўныя, там прайшлі рэфэрэндумы, на якіх пераважная большасьць насельніцтва заявіла, што хоча быць пад уладай Расеі. Я думаю, што гэта ключавое пытаньне ў канфлікце. Так што гэта першае. Калі гэтае пытаньне будзе вырашана, мы будзем весьці вельмі, вельмі пазытыўныя размовы», — лічыць Уіткоф.

Ён удакладніў, што асноўнае пытаньне ў канфлікце заключаецца ў тым, «прызнае сьвет, што гэта расейскія тэрыторыі» ці не.

Уіткоф таксама яшчэ раз паўтарыў, што мірнае ўрэгуляваньне выключае ўступленьне Украіны ў NATO.

Украінскі бок заявы Ўіткофа пакуль не камэнтаваў.

  • Уладзімір Зяленскі знаходзіцца на пасадзе прэзыдэнта Ўкраіны з 2019 года. Новыя выбары прэзыдэнта павінны былі адбыцца ў красавіку 2024 года, але правядзеньне выбарчай кампаніі падчас вайны забаронена Канстытуцыяй Украіны. Бягучы ваенны стан дзейнічае да дзявятага траўня.
  • Ідэя найхутчэйшых выбараў украінскага прэзыдэнта прасоўваецца Крамлём, дзе Ўладзіміра Зяленскага называюць «нелегітымным». Сам Зяленскі казаў, што сыдзе ў адстаўку да заканчэньня вайны, толькі калі Ўкраіну прымуць у NATO.
  • Пуцін неаднаразова называў Зяленскага «нелегітымным» прэзыдэнтам. У лютым прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп выступіў за правядзеньне выбараў ва Ўкраіне, заявіўшы, што падтрымка Зяленскага сярод украінцаў «упала да 4%». Ён сказаў пра гэта на сваім першым выступе пасьля сустрэчы расейскай і амэрыканскай дэлегацыі ў Эр-Рыядзе 18 лютага.
  • Уладзімір Зяленскі на сваёй прэс-канферэнцыі 19 лютага адказаў Трампу: «Сёньня давер да мяне 57%... Калі хтосьці хоча мяне памяняць прама цяпер — не атрымаецца». Ён спаслаўся на сацыялягічнае апытаньне, праведзенае Кіеўскім міжнародным інстытутам сацыялёгіі, паводле якога яму давяраюць 57% украінцаў, а не давяраюць — 37%.
  • У 2014 годзе Расея анэксавала Крым і горад Севастопаль. Анэксію не прызнала пераважная большасьць краін сьвету, як і вынікі праведзеных там рэфэрэндумаў. Пасьля поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну Расея аб’явіла аб анэксіі Данецкай, Луганскай, Запароскай і Хэрсонскай абласьцей Украіны. Украінскія ўлады неаднаразова падкрэсьлівалі, што не прызнаюць захопленыя Крамлём тэрыторыі расейскімі.