Як паведамляе The Washington Post з спасылкай на крыніцы ў Кангрэсе, рашэньне прынялі пасьля гучных публікацыяў у мэдыя і ціску з боку дэмакратаў, рэспубліканцаў і рэлігійных лідэраў.
Згодна з новым рашэньнем, ініцыятыва атрымала фінансаваньне яшчэ на шэсьць тыдняў для перадачы сваёй базы зьвестак агенцтву Эўразьвязу EUROPOL, каб дапамагчы крымінальнаму перасьледу ваенных злачынстваў ва Ўкраіне і па-за яе межамі.
Раней шэраг СМІ паведамлялі, што адміністрацыя Трампа спыніла фінансаваную ЗША ініцыятыву, якая дакумэнтавала меркаваныя расейскія ваенныя злачынствы, у тым ліку зьбірала канфідэнцыйную базу зьвестак аб масавай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Расею.
The Washington Post паведамляла, што гэты крок зрабіў немагчымым перадачу доказаў пракурорам, якія вядуць шматлікія крымінальныя справы, у тым ліку абвінавачаньне Міжнародным крымінальным судом прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна ў «незаконным перамяшчэньні» дзяцей з акупаваных тэрыторыяў Украіны. Такім чынам, расьсьледнікі Гуманітарнай дасьледчай лябараторыі Ейльскага ўнівэрсытэту страцілі доступ да велізарнай колькасьці інфармацыі, уключна з спадарожнікавымі здымкамі і біямэтрычнымі зьвесткамі, якія дазвалялі ім адсочваць месцы знаходжаньня 35 000 дзяцей з Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латушка: колькасьць прымусова перамешчаных у Беларусь украінскіх дзяцей перавысіла 3,5 тысячыУ эксклюзіўным інтэрвію Натаніэль Рэйманд, выканаўчы дырэктар дасьледчай лябараторыі гуманітарных навук Ейльскага ўнівэрсытэту, сказаў Радыё Свабода, што гэты крок стаў «катастрафічным ударам» па спробах дакумэнтаваць ваенныя злачынствы і прыцягнуць вінаватых да адказнасьці. Але 20 сакавіка Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША зьняпраўдзіў зьнішчэньне зьвестак пра выкрадзеных Расеяй украінскіх дзяцей.
Упаўнаважаны Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека Дзьмітро Лубінец выказаў здагадку, што Расея незаконна вывезла з Украіны каля 150 тысяч дзяцей. Упаўнаважаная Вярхоўнай Рады ў правах дзіцяці Дар’я Герасімчук называе лічбу ў «некалькі сотняў тысяч дзяцей, гэта значыць дзесьці 200-300 тысяч».
На 26 лютага Ўкраіна змагла вярнуць 1227 дзяцей з тэрыторыі Расеі і часова акупаваных тэрыторыяў, паведаміла першая лэдзі Ўкраіны Алена Зяленская.
У сакавіку 2023 году Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэры на арышт Пуціна і расейскай упаўнаважанай у правах дзяцей Марыі Львовай-Бяловай. Іх падазраюць у зьдзяйсьненьні ваенных злачынстваў — гвалтоўнай дэпартацыі і перамяшчэньні насельніцтва, у тым ліку дзяцей, з акупаваных тэрыторыяў Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік амэрыканскай групы расьсьледаваньня расейскіх ваенных злачынстваў ва Ўкраіне назваў яе закрыцьцё «катастрафічным ударам» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве назвалі дзяржсакратара «саюзнай дзяржавы» адным з арганізатараў выкраданьня ўкраінскіх дзяцей