Суд абавязаў адміністрацыю Трампа не выдаляць чат, куды дадалі галоўнага рэдактара The Atlantic

Праграма Signal, ілюстрацыйнае фота

Адміністрацыя прэзыдэнта ЗША мусіць захаваць групавы чат у мэсэнджары Signal з абмеркаваньнем удараў па емэнскіх хусітах, у які памылкова ўключылі галоўнага рэдактара выданьня The Atlantic Джэфры Голдбэрга.

Такое рашэньне вынес судзьдзя акругі Калюмбія Джэймс Босбэрг. Пазоўнікам выступіла арганізацыя American Oversight, якая абвінаваціла адміністрацыю Трампа ў парушэньні закону аб захоўваньні інфармацыі.

Засьцерагальныя захады тычацца паведамленьняў у групавой перапісцы за пэрыяд з 11 па 15 сакавіка, паведамляе BBC.

Прэс-сакратарка Белага дому заявіла, што адміністрацыя Трампа выконвае і будзе выконваць законы аб захоўваньні запісаў.

У мінулую сераду часопіс The Atlantic апублікаваў, як сьцьвярджаецца, поўны тэкст перапіскі высокапастаўленых амэрыканскіх службоўцаў у чаце ў Signal. Такое рашэньне рэдакцыя патлумачыла тым, што адміністрацыя Дональда Трампа адмаўляла наяўнасьць сакрэтнай інфармацыі ў гэтай перапісцы.

З публікацыі The Atlantic, у сваю чаргу, вынікае, што ў чаце былі такія зьвесткі, як час амэрыканскіх удараў па хусітах і тыпы выкарыстаных для гэтых удараў самалётаў, а таксама папярэдняя інфармацыя аб выніках удараў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар абароны ЗША адмаўляе, што паплечнікі Трампа абмяркоўвалі ўдары па хусітах у сакрэтным чаце

Няўрадавая арганізацыя American Oversight 25 сакавіка абвясьціла аб падачы фэдэральнага пазову ў Вашынгтоне супраць пяці прадстаўнікоў адміністрацыі Трампа, якія прысутнічалі ў той перапісцы ў Signal. Пазоўнікі сьцьвярджаюць, што выкарыстаньне мэсэнджару для такіх размоваў выглядае як парушэньне фэдэральнага заканадаўства аб захаваньні дакумэнтацыі, зьвязанай з прыняцьцем рашэньняў.

Дарадца прэзыдэнта ЗША ў нацыянальнай бясьпецы Майк Уолц заявіў, што бярэ на сябе «поўную адказнасьць» за выцек інфармацыі. У інтэрвію Fox News Уолц прызнаў, што стварыў гэты чат і каардынаваў яго працу. Паводле яго словаў, ён ня ведае, як Джэфры Голдбэрг апынуўся там, дзе, акрамя яго, былі 18 чалавек.

Уолц выказаў здагадку, што мог дадаць Голдбэрга ў чат выпадкова, пераблытаўшы яго нумар тэлефону з нумарам чалавека, якога ён зьбіраўся дадаць. Пры гэтым Уолц назваў Голдбэрга «нягоднікам», абвінаваціў у публікацыі недакладнай інфармацыі і сказаў, што Голдбэрг мае «жахлівую рэпутацыю» і «ненавідзіць прэзыдэнта».

Уолц сьцьвярджае, што ніякіх «лякацыяў, мэтадаў, крыніц, ваенных плянаў» у перапісцы не было.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Уолц засвоіў навуку, і ён добры чалавек». Трамп ня зьняў з пасады свайго дарадцу пасьля працёку інфармацыі ў Signal