Вярхоўны суд Беларусі перастаў публікаваць расклады судовых паседжаньняў

Заля паседжаньняў Вярхоўнага суду ў Менску

Раней з раскладу станавілася вядома пра крымінальны перасьлед з імавернай палітычнай подбіўкай.

Амаль месяц інтэрнэт-партал Вярхоўнага суду не публікуе расклад паседжаньняў. Старонка электроннага судаводзтва на сайце ВС рэагуе на адпаведныя запыты надпісам «Сэрвіс часова недаступны. Праводзяцца рэглямэнтныя работы». Тэрмін іх заканчэньня, пры гэтым, не пазначаныя.

Расклад судовых паседжэньняў карыстальнікі ня могуць убачыць як на тэрыторыі Беларусі, так і з-за мяжы.

Паводле зьвестак праваабаронцаў, 4 сакавіка такая інфармацыя яшчэ была даступная, піша «Позірк».

Сэрвіс электроннага судаводзтва акумулюе расклад паседжаньняў усіх судовых інстанцый Беларусі. У графіку працэсаў згадваюцца прозьвішчы абвінавачаных і інкрымінаваныя ім артыкулы Крымінальнага кодэксу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы: КДБ праводзіць ператрусы і допыты прадстаўнікоў прафсаюзаў

Раней з дапамогай гэтай паслугі праваабаронцы і СМІ маглі фіксаваць факты палітычных рэпрэсій, бо ў большасьці выпадкаў такія справы ўтрымліваюць адпаведныя артыкулы КК — з абвінавачваньнем ва ўдзеле ў акцыях пратэсту, «распальваньні варожасьці або варажнечы», злачынствах «экстрэмісцкай накіраванасьці» і інш.

Раней блізкія да сілавых структураў тэлеграм-каналы перасталі публікаваць відэазапісы з затрыманымі па палітычных матывах, перад якімі затрыманых звычайна запалохвалі або жорстка білі сілавікі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вясна»: у Беларусі паводле «тэрарыстычных артыкулаў» КК асудзілі 133 чалавек