Пракуратура завяла справу па факце сьмерці амэрыканскіх вайскоўцаў на палігоне ў Літве

Бульдозэры на палігоне. 27 сакавіка 2025 году

Апэрацыю выцягваньня машыны завяршылі ў 4:30 раніцы мясцовага часу.

Пракуратура Літвы пачала расьсьледаваньне па факце сьмерці амэрыканскіх вайскоўцаў, паведаміла Delfi з спасылкай на агенцтва BNS.

«Пачатае расьсьледаваньне для высьвятленьня прычын сьмерці», — сказала журналістам генэральны пракурор Літвы Ніда Грунскене.

На палігоне ў Падбродзьдзі (Pabradė) пасьпяхова выцягнулі бронемашыну, якая патанула ў балоце.

Апэрацыя пачалася каля 2:45 ночы і а 4:30 раніцы завяршылася. У ёй прынялі ўдзел дзьве аналягічныя ратавальныя машыны і два дадатковыя бульдозэры.

«Цяпер на месцы здарэньня працуюць амэрыканскія сьледчыя і літоўская вайсковая паліцыя. Мы ня можам даць больш інфармацыі аб актуальнай сытуацыі. Інфармацыі пра жаўнераў няма, але маем строгую дамоўленасьць, што амэрыканскі бок паведаміць пра гэта першым», — сказала LRT міністарка нацыянальнай абароны Літвы Давіле Шакалене.

Падчас пошукавай апэрацыі

  • Чацьвёра амэрыканскіх вайскоўцаў і браняваны аўтамабіль зьніклі ў аўторак пасьля вучэньняў на палігоне Падбродзьдзе (Pabradė) у Літве.
  • У заяве Ўзброеных сілаў Літвы гаварылася, што пра зьнікненьне стала вядома каля 16:45 мясцовага часу 25 сакавіка. Паведамлялі, што ў той жа дзень пачалі пошук з удзелам літоўскіх і замежных вайскоўцаў, ратавальных і пажарных службаў і што вызначана магчымае месца здарэньня.
  • Камандаваньне Арміі ЗША ў Эўропе і Афрыцы пацьвердзіла зьнікненьне чатырох амэрыканскіх вайскоўцаў.
  • Жаўнеры 1-й брыгады 3-й пяхотнай дывізіі былі на тактычных вучэньнях у часе зьнікненьня.
  • Паводле паліцыі, 25 сакавіка ў 19:20 віленскія ўлады атрымалі паведамленьне, што салдаты зьніклі бязь вестак пасьля вучэньняў на палігоне Падбродзьдзе (Pabradė) ў Сьвянцянскім раёне на ўсходзе Літвы.

Пошукавыя працы

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пошук амэрыканскіх вайскоўцаў у Літве працягваецца. Машыну знайшлі, пра целы інфармацыі няма