У Менску праз пашкоджаньне вадаправоду падтапіла праспэкт Незалежнасьці ў раёне Нацыянальнай бібліятэкі

Нацыянальная бібліятэка на праспэкце Незалежнасьці ў Менску, архіўнае ілюстрацыйнае фота

Раніцай 2 красавіка ў Менску значна падтапіла праезную частку праспэкту Незалежнасьці ў раёне Нацыянальнай бібліятэкі.

Прычынай стала пашкоджаньне будаўнічай арганізацыяй водаправоднай сеткі Д1000 мм у 08:29 раніцы, паведамляе дзяржаўнае агенцтва БЕЛТА.

Падтопленая праезная частка праспэкту Незалежнасьці пры руху ў бок МКАД, ускладнены рух па праспэкце з боку вуліцы Макаёнка ў кірунку вуліцы Язьмінавай.

А 09:20 раніцы апэратыўныя брыгады УП «Менскводаканал» лякалізавалі пашкоджаньне, цяпер яны спрабуюць аднавіць пашкоджаны будаўнікамі вадавод.

Каб гарантаваць жыхарам раёну ўстойлівае забесьпячэньне вадой, правялі апэратыўныя пераключэньні на сетках і адрэгулявалі рэжымы падачы вады на помпавых станцыях, але на час аварыйна-аднаўленчых работ магчымае зьніжэньне ціску на верхніх паверхах жылых дамоў у квартале вуліц Кедышкі — Каліноўскага — Кнорына, папярэдзілі ў «Менскводаканале».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менск зноў затапіла ў выніку залевы. У шэрагу раёнаў часова спыніўся грамадзкі транспарт