Хроніка перасьледу 2 красавіка: у Менску затрымалі брата беларускага добраахвотніка Дзяніса Ўрбановіча

Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Максім Урбановіч падчас шэсьця ў Курапаты і мітынгу на «Дзяды», 2018 год

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

У Менску затрымалі малодшага брата беларускага добраахвотніка Дзяніса Ўрбановіча, паведамляе «Белсат».

Паводле зьвестак тэлеканалу, супрацоўнікі КДБ уварваліся ў кватэру, дзе жыў Максім Урбановіч, малодшы брат Дзяніса Ўрбановіча, які ад самага пачатку поўнамаштабнага ўварваньня расейскіх войскаў ва Ўкраіну ваюе ў складзе УСУ з пазыўным Ваўкалак.

Вядома, што пасьля ператрусу Максіма затрымалі. Паводле папярэдніх зьвестак, кватэру, дзе ён жыў з сваёй дзяўчынай, апячаталі.

Дзе цяпер Максім Урбановіч, невядома. Невядома таксама, што стала прычынай ператрусу і затрыманьня. Дзяніс Урбановіч даўно ня мае стасункаў з братам і сама меней два гады зь ім не размаўляў. Пра гэты выпадак ён ня ведае.

Максіма Ўрбановіча раней затрымлівалі ў сакавіку 2024 году і асудзілі на 10 дзён дміністрацыйнага арышту паводле абвінавачаньня ў «дробным хуліганстве».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Брат каліноўца Дзяніса Ўрбановіча выйшаў на свабоду пасьля арышту
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мае хлопцы загінулі ў мяне на вачах». Каліновец Дзяніс Урбановіч у шпіталі з кантузіяй