Спэцпрадстаўнік Пуціна наведаў ЗША ўпершыню з пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі ва Ўкраіне

Кіраўнік Расейскага фонду прамых інвэстыцый Кірыл Дзьмітрыеў (у цэнтры), архіўнае фота

Кіраўнік Расейскага фонду прамых інвэстыцый Кірыл Дзьмітрыеў сустрэўся ў Вашынгтоне са спэцпасланьнікам Дональда Трампа па Блізкім Усходзе Стывам Уіткафам.

Кіраўнік Расейскага фонду прамых інвэстыцый Кірыл Дзьмітрыеў сустрэўся ў Вашынгтоне са спэцпасланьнікам Дональда Трампа па Блізкім Усходзе Стывам Уіткафам, паведамляе Reuters.

Інфармацыю таксама пацьвердзіў суразмоўца выданьня Washington Post, знаёмы з ходам сустрэчы.

Сам Дзьмітрыеў раніцай 3 красавіка апублікаваў у сацсетцы X заяву аб важнасьці дыялёгу паміж Расеяй і ЗША.

«Якой бы ні была ваша палітыка, дыялёг паміж ЗША і Расеяй мае значэньне. Размова ідзе аб пабудове больш бясьпечнага, больш квітнеючага сьвету для ўсіх», — заявіў Дзьмітрыеў.

Як удакладняе тэлеканал CNN, ЗША часова зьнялі з Дзьмітрыева ўведзеныя супраць яго ў 2022 годзе санкцыі, каб выдаць яму візу на ўезд у краіну. Дзярждэпартамэнт ЗША гэтую інфармацыю не пацьвердзіў, але і не абверг, заявіўшы, што «візавыя запісы зьяўляюцца канфідэнцыйнымі ў адпаведнасьці з заканадаўствам ЗША».

Дзьмітрыеў зьяўляецца «самым высокапастаўленым расейскім чыноўнікам, які наведаў ЗША з дзелавым візытам з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну», зазначае Reuters.

Па дадзеных агенцтва, Дзьмітрыеў, «былы інвэстыцыйны банкір Goldman Sachs, які атрымаў адукацыю ў Стэнфардзе, мае цесныя сувязі з некаторымі ключавымі супрацоўнікамі каманды Трампа».

Паездка Дзьмітрыева стала першым візытам высокапастаўленага прадстаўніка Расеі ў ЗША пасьля пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым 2022 года. У Вашынгтоне ён плянуе абмеркаваць умацаваньне адносін паміж Белым домам і Крамлём і магчымасьць спыненьня вайны ва Ўкраіне, паведамляў тэлеканал CNN.

Візыт адбыўся ўсяго праз некалькі дзён пасьля таго, як Трамп у інтэрвію NBC выказаў меркаваньне, што можа ўвесьці дадатковыя санкцыі супраць Расеі, і заявіў, што ён «раззлаваўся на прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна за ягоную крытыку прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага.

У лютым Кірыл Дзьмітрыеў у складзе расейскай дэлегацыі наведваў Эр-Рыяд, дзе праходзілі перамовы Расеі і ЗША. Там Дзьмітрыеў вёў перамовы з Уіткафам і саудаўскім насьледным прынцам Мухамедам бэн Сальманам аб вызваленьні з расейскай калёніі амэрыканца Марка Фогеля, адзначаў CNN. Уіткаф назваў тады Дзьмітрыева «джэнтльмэнам з Расеі і важным суразмоўцам, які злучае два бакі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзярждэпартамэнт ЗША раскрыў дэталі перамоваў з Расеяй у Стамбуле