Кітай аб’явіў пра ўвядзеньне мытаў у 34% на ўсе амэрыканскія тавары ў адказ на дзеяньні Трампа

Ілюстрацыйнае фота. Кантэйнэры на тэрміналах у порце Ганконгу, Кітай, 3 красавіка 2025 году

4 красавіка Міністэрства фінансаў Кітаю заявіла пра ўвядзеньне мытаў у памеры 34% на ўсе амэрыканскія тавары ў адказ на мыты, уведзеныя прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам, паведамляе Reuters.

Новыя мыты Кітаю на ўсе амэрыканскія тавары набываюць моц 10 красавіка.

Акрамя таго, Пэкін дадаў 16 кампаній ЗША ў сьпіс экспартнага кантролю і абмежаваў экспарт тавараў, зьвязаных з рэдказямельнымі элемэнтамі.

Таксама Кітай абʼявіў, што падае скаргу ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю ў сувязі з увядзеньнем ЗША мытаў.

2 красавіка ЗША ўвялі мыты на імпарт амаль з усіх краін сьвету, у тым ліку 20-працэнтнае мыта на тавары з Эўразьвязу. Беларусі й Расеі ў сьпісе няма. Прэс-сакратарка Белага дома Кэралайн Левіт заявіла выданьню Axios, што Расея не фігуруе ў гэтым сьпісе, бо санкцыі ЗША ўжо «выключаюць магчымасьць значнага гандлю», а «Куба, Беларусь і Паўночная Карэя — паколькі існыя тарыфы і санкцыі супраць іх ужо высокія».

Мыта ЗША для тавараў з Кітаю склала 34%. Пасьля гэтага ў міністэрстве камэрцыі Кітаю заявілі, што мыты, устаноўленыя ЗША «на аснове субʼектыўных і аднабаковых адзнак», не адпавядаюць правілам міжнароднага гандлю, наносяць сурʼёзную шкоду законным правам і інтарэсам адпаведных бакоў і «зьяўляюцца тыповай практыкай аднабаковага запалохваньня».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп падпісаў указ аб увядзеньні новых мытаў на імпарт у ЗША для 180 краін. Беларусь і Расея ў сьпіс не ўваходзяць
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Эўракамісіі заявілі, што «Эўропа гатовая адказаць» на ўведзеныя Трампам мыты. Кітай абяцаў «жорсткія контразахады»