У Беларусі 6 красавіка прагназуюць моцны сьнег. Грамадзян заклікалі не выкарыстоўваць асабісты транспарт

Мокры сьнег і моцны вецер назіралі і ў красавіку 2022 году. Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі на 6 красавіка абвясьцілі аранжавы ўзровень небясьпекі праз рэзкае пахаладаньне, моцны сьнег і вецер.

«6 красавіка на большай частцы тэрыторыі рэспублікі чакаецца ўзмацненьне паўночнага, паўночна-ўсходняга ветру парывамі 15-20 м/с, завіруха. У паўднёва-ўсходняй частцы — моцны сьнег, мокры сьнег, уначы месцамі вельмі моцны сьнег», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні Белгідрамэту.

У Міністэрстве надзвычайных сытуацыях папярэдзілі, што рэзкая зьмена надвор’я можа суправаджацца падзеньнем дрэў, парушэньнем энэргазабесьпячэньня, абрывам ліній электраперадач, зьніжэньнем бачнасьці на дарогах і ДТЗ.

Грамадзянам рэкамэндавалі ўтрымацца ад паездак на ўласным транспарце, абыходзіць няўстойлівыя канструкцыі і пабудовы, абыходзіць абарваныя лініі ЛЭП і разьбітае шкло, і не сьпяшацца пры хадзьбе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі сакавік стаў самым цёплым за апошнія 80 гадоў