Пракуратура Менску знайшла гістарычныя кнігі Віктара Суворава на буйной гандлёвай інтэрнэт-плятформе і запатрабавала прыбраць іх з продажу, паведаміла прэс-служба ведамства.
Пра якую менавіта гандлёвую пляцоўку ідзе гаворка, не паведамляюць.
«Устаноўлена, што на інтэрнэт-пляцоўцы прапаноўваліся да набыцьця абярэгі ў форме эмблемы „Чорнае сонца“, манэты „Трэцяга райху“ з выявай на іх свастыкі, а таксама экстрэмісцкія матэрыялы ў выглядзе паштовых марак з выявай Адольфа Гітлера і кніг Віктара Суворава „Бяру свае словы назад“. „Ледакол. Хто пачаў Другую ўсясьветную вайну“», — паведамілі ў пракуратуры.
У 2024 годзе суд Ленінскага раёну Магілёва прызнаў «экстрэмісцкімі» матэрыяламі дзьве кнігі пісьменніка Віктара Суворава. У сьпіс былі ўнесены кнігі «Дзень „М“. Калі пачалася Другая ўсясьветная вайна» і «Ледакол. Хто пачаў Другую ўсясьветную вайну?». У студзені 2025 году суд прызнаў «экстрэмісцкай» кнігу пісьменьніка «Бяру свае словы назад».
Віктар Сувораў (сапраўднае імя — Уладзімір Рэзун), пісьменьнік, піша на тэмы гістарычнага рэвізіянізму. Былы супрацоўнік легальнай рэзыдэнтуры ГРУ СССР у Жэнэве, у 1978 годзе ўцёк у Вялікую Брытанію. Завочна асуджаны на кару сьмерці. У сваіх вайскова-гістарычных кнігах прапанаваў альтэрнатыўную канцэпцыю ролі СССР у Другой сусьветнай вайне. Першая і найбольш вядомая яго кніга на гэтую тэму — «Ледакол». Публічна выступае супраць расейскай вайны ва Ўкраіне.
У сьпісе, які вядзе Міністэрства інфармацыі, пералічаныя тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць.
У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.
З 2020 году ўлады Беларусі выкарыстоўваюць гэты сьпіс для масавых рэпрэсіяў і барацьбы з іншадумствам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Акадэмія навук распрацавала інструкцыю, як абыходзіцца з «экстрэмісцкай літаратурай»Мастацкая і гістарычная літаратура ў Беларусі пэрыядычна папаўняе «Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў». Так, толькі сёлета ў лютым «экстрэмісцкімі» прызналі кнігу Зьмітра Дашкевіча «Чарвяк» і кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста другі» і «Дзевяноста трэці», выдадзеныя ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды», альбом «БНР-100: сьвяткаваньне 100-гадовага юбілею ў Беларусі і ў замежжы» і кнігу «НКВД забіваў у Курапатах...». У 2024 годзе сьпіс такіх забароненых у Беларусі кніг папоўнілі аповесьці Віктара Суворава «Ледакол» і «Дзень „М“», «Выбраныя творы» Вацлава Ластоўскага, прадмова Язэпа Янушкевіча да твораў Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча, «Выбраныя творы» Алеся Петрашкевіча, друкаванае выданьне «Вызваленьне», тры кнігі гісторыка Ігара Мельнікава, а таксама кніга Віктара Ляхара «Военная символика белорусов. Знамена и мундиры». Раней экстрэмісцкімі прызналі некаторыя творы Ўладзімера Арлова, Альгерда Бахарэвіча, Уладзімера Някляева, іншых беларускіх літаратараў, а таксама кнігу «Адысея капiтана БНР» гомельскага журналіста Анатоля Гатоўчыца.
Акрамя гэтага, Міністэрства інфармацыі Беларусі стварыла «Сьпіс друкаваных выданьняў, якія зьмяшчаюць інфармацыйныя паведамленьні і (або) матэрыялы, распаўсюд якіх здольны нанесьці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь» — іх распаўсюд у Беларусі забаронены. На 8 красавіка сьпіс налічвае ўжо 92 пазыцыі. У ім — кнігі і сэрыі кніг, прысьвечаныя гісторыі, сталінскім рэпрэсіям, а таксама тэмам сэксу, гендэру і адносінаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія суды летась прынялі рэкордную колькасьць рашэньняў аб прызнаньні матэрыялаў «экстрэмісцкімі»Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.
Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.
На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».