Памёр беларускі этноляг Міхаіл Піліпенка

Міхаіл Піліпенка

Вядомаму навукоўцу было 88 гадоў.

Пра сьмерць беларускага этноляга і гісторыка, члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Міхаіла Піліпенкі паведаміў Цэнтар дасьледаваньняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАНБ.

Міхаіл Піліпенка нарадзіўся 19 траўня 1936 году ў вёсцы Нежыхаў Брагінскага раёну ў сялянскай сям'і.

Вучыўся ў Мазырскай пэдагагічнай вучэльні, у 1956 годзе паступіў на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. У 1964—1967 гадах вучыўся ў асьпірантуры Маскоўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Ламаносава, пасьля заканчэньня шмат гадоў працаваў на гістарычным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту — спачатку выкладнікам катэдры гісторыі старажытнага часу і сярэдніх вякоў, а затым дацэнтам катэдры археалёгіі, этнаграфіі і дапаможных гістарычных дысцыплінаў.

З 1991 году працаваў у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру імя Кандрата Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Спачатку быў загадчыкам аддзелу этналёгіі, а з траўня 1994 году па 2004 год — быў дырэктарам Інстытуту. У 1993 годзе абараніў доктарскую дысэртацыю, а ў 1994-м стаў членам-карэспандэнтам НАНБ.

Міхаіл Піліпенка дасьледаваў праблемы этнагенезу і этнічнай гісторыі беларускага народу, пытаньні гісторыі беларускай этналёгіі і фальклярыстыкі, сямейных адносінаў, вясельных звычаяў і абрадаў беларускага сялянства, народных рэлігійных вераваньняў.

Быў аўтарам манаграфій «Этнаграфія Беларусі» (1980) і «Ўзьнікненьне Беларусі: новая канцэпцыя» (1991), сааўтарам калектыўных работ «Гістарычнае краязнаўства Беларусі», «Народная пэдагогіка беларусаў», «Беларусы», «Беларусь на мяжы тысячагодзьдзяў» і іншых. Аўтар звыш сотні навуковых артыкулаў.

Міхаілу Піліпенку было 88 гадоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр музыка Сяргей Кныш, удзельнік першага незалежнага беларускага моладзевага згуртаваньня «Беларуская майстроўня»


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гісторыя на Свабодзе». У Расеі вырашылі даказаць, што беларусы і расейцы — адзін народ, але знайшлі доказы адваротнага, — Уладзімер Лобач