У Дамінікане абрынуўся дах начнога клюбу, шмат ахвяраў і параненых

Выратавальныя працы ў Дамінікане

У выніку абурваньня даху начнога клюба ў сталіцы Дамініканскай Рэспублікі Санта-Дамінга паводле апошніх зьвестак загінулі 98 чалавек, дзясяткі параненыя.

Дах клюбу Jet Set абрынуўся, калі ў начным клюбе праходзіў канцэрт папулярнага ў Лацінскай Амэрыцы сьпевака Рубі Пэрэса, піша агенцтва AP.

Што стала прычынай абурваньня, пакуль незразумела. Паводле некаторых сьведчаньняў, у гэты час у клюбе былі каля тысячы чалавек. Пацярпелі больш за 150 чалавек.

Паводле Хуана Мануэля Мэндэса, дырэктара Цэнтру надзвычайных сытуацыяў, ратаўнікі надалей працуюць у аднапавярховым клюбе Jet Set у Санта-Дамінга, шукаюць людзей, якія выжылі сярод завалаў.

«Мы працягваем расчышчаць завалы і шукаць людзей, — сказаў ён. — Мы будзем нястомна шукаць людзей».

Пазьней ён сказаў, што за апошнія чатыры гадзіны нікога жывога выявіць не ўдалося.

Прэзыдэнт Дамініканскай Рэспублікі Люіс Абінадэр напісаў у сацыяльнай сетцы X, што ўсе выратавальныя службы «працуюць не апускаючы рук», каб дапамагчы пацярпелым.

«Мы глыбока шкадуем аб трагедыі, якая адбылася ў начным клюбе Jet Set. Мы сачылі за інцыдэнтам кожную хвіліну з таго часу, як ён адбыўся», — запэўніў ён.

Сярод ахвяраў абурваньня даху аказаліся вядомыя ў Дамінікане людзі: палітыкі, спартсмэны, музыканты. Раней паведамлялі, што сьпевака Рубі Пэрэса ўжо дасталі з-пад завалаў. Аднак пазьней дырэктар Цэнтру надзвычайных сытуацыяў зьняпраўдзіў гэтую інфармацыю. Ён сказаў, што ратаўнікі ўсё яшчэ шукаюць артыста.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лёнданскі аэрапорт «Хітроў» цалкам аднавіў працу пасьля пажару на электрападстанцыі