МУС Польшчы: сярод мігрантаў, якія напалі на машыну памежнікаў, быў чалавек у форме беларускіх службаў

Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Польскі памежнік на мяжы зь Беларусьсю

Мігранты напалі на аўтамабіль польскіх памежнікаў на мяжы зь Беларусьсю, сярод іх відэакамэры зафіксавалі чалавека ў форме беларускіх службаў, паведаміў 13 красавіка прэс-сакратар міністра ўнутраных справаў і адміністрацыі Польшчы Яцэк Дабжыньскі ў сацыяльнай сетцы Х.

Яцэк Дабжыньскі таксама апублікаваў відэа інцыдэнту.

«Мяжа непадалёк ад Мельніка. Некалькі дзясяткаў чалавек спрабуюць абысьці меры бясьпекі, імкнучыся незаконна трапіць у Польшчу. Калі зьяўляецца памежны патруль, нападнікі пачынаюць кідаць камяні ў аўтамабіль, які набліжаецца да іх. У групе нападнікаў камэра фіксуе супрацоўніка беларускай службы ў форме, які таксама атакуе камянямі нашых супрацоўнікаў у форме», — апісаў ён здарэньне.

Паводле Дабжыньскага, дзякуючы «хуткай і эфэктыўнай рэакцыі» польскіх памежнікаў і вайскоўцаў нікому зь мігрантаў не ўдалося трапіць у Польшчу.

У апошні час прадстаўнікі беларускіх службаў «зьвяртаюцца да простых правакацыяў і агрэсіўных дзеяньняў паблізу мяжы», напісаў у X міністар унутраных справаў і адміністрацыі, каардынатар спэцслужбаў Польшчы Томаш Семоняк.

Улады Беларусі пакуль ніяк не камэнтавалі гэтую заяву.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мігранты расьпілавалі плот на мяжы, каб трапіць зь Беларусі ў Польшчу
  • Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЭЗ працягваецца зь вясны 2021 году. Улады суседніх эўрапейскіх дзяржаваў лічаць яго «гібрыднай атакай», арганізаванай рэжымамі ў Менску і Маскве. 3 кастрычніка 2024 году міністар унутраных справаў і адміністрацыі Польшчы Томаш Семоняк прызнаўся, што сытуацыя на мяжы зь Беларусьсю стала «адным з самых сур’ёзных крызісаў» для польскай дзяржавы і «велізарным выклікам» для яго самога.
  • Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча збудавалі сьцяну на мяжы зь Беларусьсю. Урады спачатку Літвы, а потым Латвіі і Польшчы ўлетку 2021-га зрабілі істотна стражэйшым заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў сумежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў.
  • Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны ЭЗ. Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
  • З пачатку 2025 году, паводле падлікаў «Позірку», Польшча спыніла сама меней 4,6 тысячы спробаў незаконнага перасячэньня мяжы зь беларускай тэрыторыі, з пачатку красавіка — больш за 1,1 тысячы спробаў.
  • За 2024 год Літва, Латвія і Польшча агулам спынілі 36,3 тысячы спробаў незаконнага пранікненьня мігрантаў зь беларускай тэрыторыі.
  • У чэрвені 2024 году на польска-беларускай мяжы ў сувязі з узмацненьнем міграцыйнага ціску стварылі так званую буфэрную зону. Яна пачала дзейнічаць з 13 чэрвеня і была створаная на 90 дзён, пасьля тэрмін яе дзеяньня ня раз падаўжалі. Даўжыня буфэрнай зоны — 60,67 км, шырыня — ад 200 м да 2 км. На працягу 44 км буфэрная зона ахоплівае 200 м ад лініі дзяржаўнай мяжы. Заезд у буфэрную зону забаронены. Абмежаваньні на перамяшчэньне і знаходжаньне ўнутры буфэрнай зоны ўведзеныя ў 27 паселішчах Гайнаўскага і Беластоцкага паветаў Падляскага ваяводзтва, якое мяжуе зь Беларусьсю.
  • З 1 жніўня 2024 году польская армія таксама праводзіць апэрацыю «Бясьпечнае Падляшша», у межах якой для дапамогі памежнікам, якія ахоўваюць мяжу зь Беларусьсю, накіравалі некалькі тысяч вайскоўцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча ўвяла электронны кантроль за рэкамі на мяжы зь Беларусьсю