У Сумах абвясьцілі трохдзённую жалобу па 34 забітых расейскім ударам, 11 параненых у цяжкім стане

Наступствы расейскага ракетнага ўдару па Сумах. 13 красавіка 2025 году

Сумская абласная вайсковая адміністрацыя абвясьціла трохдзённую жалобу 14, 15 і 16 красавіка.

Улады Сумскай вобласьці таксама далі апэратыўныя зьвесткі аб колькасьці загінулых і параненых у выніку расейскага ракетнага ўдару.

«У выніку варожых абстрэлаў цэнтру Сумаў загінулі 34 чалавекі, у тым ліку двое дзяцей. 120 чалавек атрымалі раненьні, у тым ліку 15 дзяцей. У цяперашні час у шпіталях знаходзяцца 39 пацярпелых, з іх 9 дзяцей. 11 чалавек, на жаль, у цяжкім стане, у тым ліку трое дзяцей», — гаворыцца ў паведамленьні, распаўсюджаным апоўдні 14 красавіка.

Як паведамляе Генэральная пракуратура Ўкраіны, у Вербную нядзелю 13 красавіка каля 10:15 расейскія вайскоўцы нанесьлі два ракетныя ўдары па цэнтры гораду Сумы. Быў атакаваны кангрэс-цэнтар Сумскага ўнівэрсытэту. На 11.00 у малой актавай зале гэтай установы было заплянавана дзіцячае сьвята.

Наступствы ракетнай атакі Расеі на цэнтар гораду Сумы. ФОТА


Расейскія вайскоўцы рэгулярна атакуюць рэгіёны Ўкраіны з ужываньнем розных відаў зброі — ударных дронаў, ракет, авіябомбаў, рэактыўных сыстэмаў залпавага агню.

Расейскае кіраўніцтва адмаўляе, што расейская армія падчас поўнамаштабнай вайны наносіць мэтанакіраваныя ўдары па цывільнай інфраструктуры гарадоў і вёсак Украіны, забіваючы мірных жыхароў і разбураючы лякарні, школы, дзіцячыя садкі, аб’екты энэрга- і водазабесьпячэньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея ў Вербную нядзелю атакавала ракетамі цэнтар Сумаў: больш за 30 загінулых і звыш сотні пацярпелых
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта было жудасна». Трамп адрэагаваў на ўдар Расеі па Сумах