БАЖ фіксуе новую хвалю ціску на журналістаў і іхных родных у Беларусі

У апошнія тыдні беларускія сілавікі ўзмацнілі ціск на журналістаў унутры краіны і родзічаў прадстаўнікоў мэдыя, якія вымушана працуюць за мяжой. Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) фіксуе новую хвалю такіх рэпрэсіяў.

Паводле арганізацыі, у большасьці выпадкаў сілавікі прыходзілі на месцы рэгістрацыі журналістаў, якія цяпер вымушана працуюць па-за межамі Беларусі. Часам візыты сілавікоў суправаджаліся аглядам памяшканьня ў сувязі з заведзенай супраць журналіста крымінальнай справы, адзначае БАЖ.

14 красавіка намесьнік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі паведаміў, што пад выглядам беларускіх журналістаў да людзей зьвяртаюцца трэція асобы — ня выключана, што гэта супрацоўнікі спэцслужбаў Лукашэнкі. Пакуль падобныя выпадкі «ня маюць масавага характару».

  • Першая хваля ціску на родных беларускіх журналістаў, якія працуюць у выгнаньні, пракацілася ўлетку 2024 году. З увядзеньнем у Крымінальны кодэкс Беларусі магчымасьці судзіць людзей завочна шмат прадстаўнікоў беларускіх мэдыя сталі фігурантамі крымінальных спраў.
  • За апошнія 5 месяцаў у базу вышуку Расеі дадалі многіх беларускіх журналістаў, якія працуюць на эміграцыі. Сярод іншых, у расейскай базе вышуку апынуліся галоўны рэдактар Reform.news Фёдар Паўлючэнка, кіраўніца тэлеканалу «Белсат» Аліна Коўшык, журналісты Радыё Свабода Дзьмітры Гурневіч, Алег Грузьдзіловіч і Аляксей Знаткевіч, Марыя Калесьнікава і Зьміцер Лукашук зь «Еўрарадыё», Ірына Новік з Hrodna.life, а таксама супрацоўнікі іншых мэдыя і журналісты Глеб Раманаў, Глафіра Жук, Андрэй Скурко, Зьміцер Панкавец, Марыя Булавінская. У сьпісе таксама намесьнікі старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі і Алег Агееў, вядоўца праекту «Звычайная раніца» Канстанцін Місуна (Каверын) і былая вядоўца праграмы Людміла Лабінская (Міласлаўская).
  • На цяперашні момант у турмах Беларусі, паводле падлікаў БАЖ, знаходзяцца каля 40 прадстаўнікоў мэдыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За кратамі, бо журналісты
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ніколі не пашкодзіць шчыпок з боку журналістаў». У Вільні журналісты абмеркавалі стандарты, бясьпеку і штучны інтэлект
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Большасьць журналістаў у выгнаньні асьцерагаюцца перасьледу з боку рэжыму Лукашэнкі, — апытаньне