Восем краін далучыліся да апошняга пакету санкцыяў Эўразьвязу для Беларусі

Сьцяг Эўразьвязу ў будынку Рады ЭЗ ў Брусэлі, архіўнае ілюстрацыйнае фота

Альбанія, Босьнія і Герцагавіна, Ісьляндыя, Ліхтэнштайн, Чарнагорыя, Нарвэгія, Паўночная Македонія і Ўкраіна далучыліся да рашэньня Рады Эўразьвязу ад 27 сакавіка пра санкцыі ў дачыненьні да Беларусі ў сувязі з сытуацыяй у краіне і саўдзелам Беларусі ў расейскай агрэсіі супраць Украіны, паведаміла Рада ЭЗ 15 красавіка.

Пералічаныя краіны забясьпечаць адпаведнасьць сваёй нацыянальнай палітыкі рашэньню Рады ЭЗ, а Эўразьвяз прымае да ведама гэтае абавязаньне і вітае яго, гаворыцца ў паведамленьні.

27 сакавіка Эўразьвяз наклаў санкцыі на 7 юрыдычных і 25 фізычных асобаў зь Беларусі.

Сярод юрыдычных асобаў у санкцыйныя сьпісы ўвайшлі:

  • Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі,
  • ААТ «Інтэграл»,
  • РУП «Беларускія лятарэі»,
  • ТАА «Рыдота»,
  • ААТ «Планар»,
  • РПУП «Завод дакладнай электрамэханікі»,
  • ТАА «Цыбулька-Бел» з Гудаў Лідзкага раёну (яе ўладальнік — дэпутат ляндтагу Саксоніі ад ультраправай партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» Ёрг Дорнаў, якога падазраюць у выкарыстаньні працы беларускіх палітвязьняў).


Таксама пад санкцыі з 27 сакавіка трапілі

  • чальцы Цэнтральнай выбарчай камісіі: Аляксей Башан (намесьнік старшыні), Алена Балдоўская (сакратарка), Дзяніс Дук, Алена Кунцэвіч, Аляксандар Ткачоў, Кацярына Фядосенка і Аляксандар Южык.
  • старшыня партыі «Белая Русь» Алег Раманаў,
  • начальнік кіраўніцтва справамі Лукашэнкі Юры Назараў і яго намесьнікі Мікалай Шкрэд (першы намесьнік), Антон Краеўскі і Мікалай Рагашчук.
  • кіраўнікі прадпрыемстваў, якія трапілі пад санкцыі: Дзьмітры Шведка («Рыдота»), Міхаіл Дзенісенка («Беларускія лятарэі»), Юры Чорны (Завод дакладнай электрамэханікі).
  • беларускія судзьдзі: Анастасія Папко (Менскі гарадзкі суд), Алег Каляда (суд Заводзкага раёну Менску), Сяргей Будрэвіч і Жанна Брысіна (суд Кастрычніцкага раёну Менску), Алена Бушава і Ала Скуратовіч (суд Фрунзэнскага раёну Менску), Андрэй Васілюк (Берасьцейескі абласны суд), Дзіна Кучук (Вярхоўны суд), Галіна Бондал (Віцебскі абласны суд).

Як відаць з парадкавых нумароў уключаных у сьпіс, цяпер пад санкцыямі Эўразьвязу знаходзяцца 312 фізычных і 47 юрыдычных асобаў зь Беларусі.

19 сакавіка тыя ж 8 краін далучыліся да іншага рашэння Рады Эўразьвязу ад 24 лютага 2025 году пра санкцыі для Беларусі за падтрымку ёю расейскай агрэсіі супраць Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да 16-га пакету санкцыяў Эўразьвязу супраць Беларусі далучыліся 8 краін