Падляскія беларусы сабралі грошы і адрамантавалі надмагільлі беларускіх дзеячаў

Абвестка аб пратэрмінаванай аплаце за догляд магілы, якая была на адной зь беларускіх магілаў перад стартам збору

Завершаны рамонт і добраўпарадкаваньне магілаў беларускіх дзеячаў у Беластоку, паведаміла грамадзкая ініцыятыва, якая займаецца аховай і рамонтам надмагільляў.

Грамадзкая ініцыятыва апавясьціла людзей, што дзякуючы падтрымцы ў зборы грошай завершаныя плянаваныя работы. У прыватнасьці:

  • праведзены рамонт надгробку Сяргея Богуша — на суму 1500 злотых (350 эўра паводле актуальнага курсу);
  • зроблена дэкаратыўнае добраўпарадкаваньне магілы Леаніда Богуша — на суму 300 злотых;
  • ачышчаныя перад Вялікаднем надмагільлі Канстанціна Кіслага і Мікалая Чарнецкага.

Прадстаўнік ініцыятывы, беластоцкі краязнаўца Аляксей Трубкін адзначыў, што дасягнутыя ўсе мэты, пастаўленыя перад кампаніяй.

Усіх ахвярадаўцаў, сяброў і зацікаўленых асобаў арганізатары запрашаюць на экскурсію па беластоцкіх могілках Усіх Сьвятых. Яна адбудзецца ў нядзелю, 20 красавіка. Агульны збор а 12-й гадзіне ля ўваходнай брамы.

Раней ініцыятыва прасіла грамадзкасьць дапамагчы, бо некаторыя магілы прыйшлі ў неналежны стан. Арганізатары тлумачылі людзям важнасьць гэтых людзей для беларускай гісторыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 200 эўра на 20 гадоў. Як на Падляшшы спрабуюць уратаваць магілы беларускіх дзеячаў


Кастусь Кіслы — музыка, кампазітар і дырыжор, заснавальнік хораў у Беларускім школьным таварыстве. Перажыў савецкі арышт, уцёк з турмы. Працяглы час жыў у эміграцыі ў Злучаных Штатах, дзе таксама арганізоўваў хоры, апошнія гады правёў у Беластоку. У магіле Кастуся Кіслага пахаваныя таксама ягоныя жонка і дачка.

Лявон Богуш і ягоны брат Сяргей — актыўныя ўдзельнікі беларускага нацыянальнага руху. Лявон Богуш браў удзел у стварэнні драматычнай сэкцыі Таварыства беларускай школы ў Беластоку, быў у ліку заснавальнікаў тэатральнага таварыства «Полымя», быў салістам хору пры Беларускім камітэце ў Беластоку. У магіле Лявона Богуша пахаваныя ягоная жонка, якая працавала разам з ім у беларускім камітэце, а таксама бацька і маці. Сяргей пахаваны асобна.

Мікола Чарнецкі — пэдагог і публіцыст, удзельнік беларускага нацыянальнага падпольля, які перажыў перасьлед польскіх і савецкіх уладаў, быў забіты польскімі падпольшчыкамі ў час ІІ усясьветнай вайны.