У Літоўскую вайсковую акадэмію перастануць прымаць грамадзян Беларусі, Расеі і Кітаю

Літоўскае войска на парадзе ў Вільні. Архіўнае фота

Урад Літвы ўхваліў прапанову Міністэрства абароны аб спыненьні прыёму ў Літоўскую вайсковую акадэмію імя генэрала Ёнаса Жамайціса асобаў з грамадзянствам Беларусі, Расеі і Кітаю.

Аб рашэньні паведаміла выданьне Delfi.lt. Міністэрства абароны Літвы ў сакавіку выйшла з гэтай ініцыятывай, каб вайскоўцы «з грамадзянствам недружалюбных Літве дзяржаваў ня сталі патэнцыйнымі мішэнямі выведных і спэцыяльных службаў такіх краін». Гэты крок таксама павінен запэўніць вернасьць вайскоўцаў Літоўскай дзяржаве.

Паведамляюць, што пасьля зацьвярджэньня зьменаў курсанты мусяць паведаміць кіраўніцтву Акадэміі аб наяўнасьці ў іх грамадзянства іншай дзяржавы, і калі высьветліцца, што яна ўключаная ў сьпіс недружалюбных дзяржаваў, курсант будзе адлічаны.

Сказана таксама, што курсанты, якія не паведамяць аб наяўнасьці грамадзянства гэтых краін, будуць адлічаныя з Акадэміі і маюць заплаціць за навучаньне.

У сьнежні 2024 году Сейм Літвы прыняў папраўкі да адпаведных законаў, паводле якіх асобы з расейскім, беларускім і кітайскім грамадзянствам ня змогуць служыць ва Ўзброеных сілах Літвы і ў Літоўскім зьвязе стральцоў. Адзначалася, што рашэньне было прынята «пасьля ацэнкі рызык і пагрозаў для нацыянальнай бясьпекі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва забараніла ўезд зь Беларусі на матацыклах, мапэдах і мотароварах
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт і прэм’ер Літвы паспрачаліся, як падаўжаць нацыянальныя санкцыі супраць Расеі і Беларусі