Папа Францішак сёлета не ўзначаліць велікодную імшу ў Ватыкане

Папа Францішак пасьля хваробы на інвалідным вазку. Рым, 23 сакавіка 2025 году

Папа Рымскі Францішак ня будзе асабіста праводзіць галоўныя велікодныя багаслужбы з прычыны стану здароўя.

Францішак даручыў гэта кардыналам, паведамляе прэс-служба Ватыкану Vatican News.

Пакуль не вядома, ці будзе папа Францішак прысутнічаць на розных багаслужбах і ў якой форме: гэта будуць ацэньваць у кожным канкрэтным выпадку, у тым ліку зважаючы на надвор’е, піша ANSA.

Прэс-служба Ватыкану паабяцала дадаткова паведаміць пра гэта 18 красавіка.

У Вялікую Пятніцу кардынал Кляўдыё Гуджэроці ўзначаліць Вялікую літургію ў базыліцы Сьвятога Пятра. Пазьней у той жа вечар кардынал Бальда Рэйна ўзначаліць Крыжовы шлях у Калізэі.

У Вялікую Суботу пантыфік даручыў правесьці службу кардыналу Джавані Батыста Рэ, а нядзельную ранішнюю імшу на пляцы Сьвятога Пятра правядзе кардынал Анджэлё Камастры.

14 лютага папу Рымскага Францішка шпіталізавалі з прыступам бранхіту, які перарос у двухбаковую пнэўманію, што было для яго асабліва сур’ёзным захворваньнем, бо ў маладосьці пантыфік перанёс плеўрыт і яму выдалілі частку аднаго лёгкага.

Папа Францішак ня быў на публіцы з 23 сакавіка, калі ён коратка прывітаў усіх перад выпіскай зь лякарні Джэмэлі ў Рыме пасьля больш чым пяці тыдняў лекаваньня.

6 красавіка пантыфік упершыню зьявіўся на публіцы па заканчэньні імшы на пляцы Сьвятога Пятра ў Ватыкане.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Папа Рымскі Францішак упершыню вітаў вернікаў на пляцы ў Ватыкане пасьля выпіскі з шпіталя