У Тэлеграме заблякавалі чат беларусаў і ўкраінцаў Беластоку

Акцыя беларусаў у Беластоку. Архіўнае фота

У Telegram заблякавалі найбуйнейшую онлайн-супольнасьць беларусаў і ўкраінцаў Беластоку @belastok_chat з 7,4 тысячы падпісантаў.

Адміністратары чату «Беласток | Белосток | Białystok» паведамілі выданьню MOST, што прычынай блякаваньня стаў мэтанакіраваны напад з выкарыстаньнем акаўнту, зарэгістраванага на расейскі нумар.

Паводле адміністратараў, невядомы ў ноч на 17 красавіка размясьціў у чаце нелегальны зьмест «для дарослых» — праз гэта ўмяшалася служба мадэрацыі Тэлеграму.

Адміністратары чату апэратыўна заблякавалі парушальніка, а публікацыю выдалілі на працягу паўгадзіны. Тым ня менш нехта пасьпеў зрабіць скрыншот паведамленьня і накіраваць скаргу адміністрацыі Telegram.

Чат беларусаў і украінцаў Беластоку пасьля блякаваньня

Адміністратары чату ўжо зьвярнуліся ў службу падтрымкі плятформы і чакаюць аднаўленьня працы чату. Да блякаваньня ў чаце было 7418 падпісантаў.

Чат «Беласток» быў створаны ў 2020 годзе і спачатку аб’ядноўваў беларусаў, якія пакінулі краіну пасьля пратэстаў і рэпрэсіяў. З пачатку расейскай поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне да супольнасьці далучыліся і ўкраінскія ўцекачы, якія пераехалі ў Падляскае ваяводзтва Польшчы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Была ўпэўненая, што вярнуся вясной агарод садзіць». Беларуска ў 70 гадоў уцякла ад рэпрэсій у Польшчу і завяла там канал на YouTube
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзе тэй Брэсьць, я не вем навэт». Рэпартаж зь вёскі за 500 мэтраў ад Беларусі