Трамп «да канца тыдня» чакае ад Масквы адказу наконт спыненьня агню ва Ўкраіне

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп. Вашынгтон, 17 красавіка 2025 году

Расейскі амбасадар у ААН Нябензя заявіў, што «гэта проста нерэалістычна».

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што чакае адказу ад Масквы наконт спыненьня баявых дзеяньняў ва Ўкраіне «да канца тыдня». Пра гэта ён сказаў у Белым доме падчас сустрэчы з прэм’ер-міністаркай Італіі Джорджай Мэлёні.

У Трампа спыталі, у які момант ён вызначыцца, ці гатовая Расея да спыненьня агню і, пры патрэбе, узмоцніць санкцыі супраць яе.

«Паглядзім. Мы атрымаем ад іх адказ на гэтым тыдні, вельмі хутка, і пабачым», — адказаў прэзыдэнт ЗША.

Неўзабаве пасьля гэтага пастаянны прадстаўнік Расеі пры ААН Васіль Нябензя сказаў журналістам, што спыненьне агню ва Ўкраіне «нерэалістычнае».

«У нас была спроба абмежаванага спыненьня агню ў дачыненьні да энэргетычнай інфраструктуры, якое не было выканана ўкраінскім бокам. У гэтых абставінах казаць пра спыненьне агню на дадзеным этапе проста нерэалістычна», — заявіў ён.

Тым часам Bloomberg з спасылкай на свае крыніцы піша, што на ўчорашняй сустрэчы з эўрапейскімі саюзьнікамі ў Парыжы прадстаўнікі ЗША заявілі пра жаданьне дабіцца поўнага спыненьня агню ва Ўкраіне цягам некалькіх тыдняў, і яны «чакаюць неўзабаве значнага прагрэсу ў гэтым пытаньні».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля перамоваў у Парыжы Рубіё патэлефанаваў Лаўрову
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея атакавала Харкаў трыма ракетамі «Іскандэр», ёсьць ахвяры і разбурэньні