18 красавіка на ўсіх метэастанцыях Беларусі абноўленыя рэкорды цяпла, у тым ліку два месячныя максымумы.
У Беларусі працягваецца другая з пачатку красавіка хваля анамальна цёплага надвор’я. 18 красавіка на ўсіх метэастанцыях абноўлены тэмпэратурныя рэкорды, у тым ліку абсалютны і два лякальныя месячныя — у Верхнядзвінску і Езярышчы на поўначы Віцебскай вобласьці, сьведчыць праведзены «Позіркам» параўнальны аналіз апэратыўных і архіўных зьвестак Белгідрамета.
У Верхнядзвінску паветра прагрэлася да 27,9 градуса. Дзённы максымум да гэтага складаў 22,1 (18 красавіка 1959 года), месячны — 27,2 (23 красавіка 1950 года).
У Езярышчы тэмпэратура паднялася да 27 градусаў. Дзённы максымум быў роўны 18,4 градуса (у 2013 годзе), месячны — 26,7 (29 красавіка 2012 года).
Цяплей за ўсё было ў Берасьці, дзе зафіксавалі новы абсалютны рэкорд дня — 28,2 градуса (ранейшы — 22,9 на станцыі «Палеская» ў Лунінецкім раёне ў 2005 годзе). Лякальны экстрэмум у гэтым абласным цэнтры пратрымаўся 25 гадоў (22,6). На «Палескай» паветра прагрэлася да 25,3 градуса.
У Менску і трох абласных цэнтрах перапісаны рэкорды дня 66-гадовай даўніны. У сталіцы тэмпэратура на максымуме склала 26,4 градуса (20,6 у 1959 годзе), у Віцебску — таксама 26,4 (20,4), Горадні — 25,9 (21,6), Магілёве — 25,6 (21,2). У Гомлі перавышаны рэкорд 2013 года (24,7 супраць 21,2).
На 19 красавіка Белгідрамет прагназуе да 26 градусаў. 20 красавіка чакаецца да 25 градусаў, 21-га — да 26 градусаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сёлета ўсе хрысьціяне сьвяткуюць Вялікдзень разам. Расказваем, што падрыхтавана для беларусаў замежжа