У Петрыкаўскім раёне тушылі пажар на тарфяніку, спатрэбілася 14 адзінак тэхнікі

Тарфяны пажар, архіўнае фота

На тушэньне пажару спатрэбілася звыш трох гадзінаў.

Тарфяны пажар лякалізавалі ў Петрыкаўскім раёне, паведамілі ў беларускім Міністэрстве надзвычайных сытуацый.

Ратавальнікам 19 красавіка ў 18.30 перадалі інфармацыю аб выяўленьні тарфянога пажару на плошчы 14 га каля вёскі Малыя Сялюцічы. У 21.50 пажар лякалізавалі.

Для ліквідацыі надзвычайных здарэньняў прыцягваліся 14 адзінак тэхнікі і 39 чалавек, у тым ліку 10 адзінак тэхнікі і 35 работнікаў МНС.

«Рашэньнем раённай камісіі надзвычайных сытуацый гэты пажар клясыфікаваны як надзвычайная сытуацыя прыроднага характару мясцовага ўзроўню і з 20 красавіка ўстаноўлены надзвычайны рэжым функцыянаваньня Петрыкаўскага раённага зьвяна Гомельскай тэрытарыяльнай падсыстэмы ДСНС».

Да 20 красавіка ў адной Гомельскай вобласьці адбыліся 744 пажары ў прыродных экасыстэмах: 633 выпадкі гарэньня травы і кустоў на плошчы звыш 230 га, 75 лясных пажараў на плошчы звыш 178 га і 16 тарфяных пажараў на плошчы звыш 6 га. Такую статыстыку падалі ў МНС Гомельскай вобласьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Анкалёгія, алергія, іншыя хваробы. Чым пагражаюць беларусам пажары на Палесьсі і ва Ўкраіне


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З-за сухога цёплага надвор’я ўлады абмежавалі наведваньне лясоў у 116 раёнах Беларусі