Беларуская чыгунка прапанавала Літве, Латвіі і Польшчы аднавіць пасажырскія зносіны, спыненыя 5 год таму

Цягнікі, якія раней хадзілі зь Менска ў Вільню. Архіўнае фота

Дэлегацыя Беларускай чыгункі (БЧ) падчас XXXIX паседжаньня Канфэрэнцыі генэральных дырэктараў (адказных прадстаўнікоў) чыгунак Арганізацыі супрацоўніцтва чыгунак прапанавала калегам з Літвы, Латвіі і Польшчы аднавіць прамыя пасажырскія зносіны зь Беларусьсю.

Пра гэта паведамляе прэс-служба Беларускай чыгункі.

«Падчас плянарнага паседжаньня Беларуская чыгунка зьвярнулася да чальцоў Канфэрэнцыі генэральных дырэктараў АСЧ ад Літоўскай Рэспублікі (завочна), Латвійскай Рэспублікі і Рэспублікі Польшча з прапановай аб аднаўленьні прамых пасажырскіх зносінаў Беларусь — Літва, Беларусь — Латвія, Беларусь — Польшча», — гаворыцца ў паведамленьні БЧ.

Беларускую дэлегацыю ўзначальваў першы намесьнік начальніка БЧ Аляксандар Харашэвіч. На канфэрэнцыі падвялі вынікі працы арганізацыі, абмеркавалі разьвіцьцё міжнародных грузавых і пасажырскіх перавозак на эўраазіяцкай прасторы, абазначылі задачы па паглыбленьні ўзаемадзеяньня ў сфэры інфармацыйных тэхналёгіяў і разьвіцьця інфраструктуры, актуалізацыі і ўдасканаленьні нарматыўнай прававой базы.

У Арганізацыю супрацоўніцтва чыгунак уваходзяць Азэрбайджан, Афганістан, Беларусь, Баўгарыя, Вугоршчына, Віетнам, Грузія, Іран, Казахстан, Кітай, КНДР, Паўднёвая Карэя, Кіргізстан, Лаос, Латвія, Літва, Малдова, Манголія, Польшча, Расея, Румынія, Славакія, Таджыкістан, Туркмэністан, Узбэкістан, Украіна, Чэхія і Эстонія.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вакол Беларусі ўзмацняецца «чыгуначная блякада»

Суседзі Беларусі — Літва, Латвія, Польшча, Украіна — прыпынілі міжнародныя пасажырскія чыгуначныя зносіны зь Беларусьсю ў сакавіку 2020 году, з пачаткам пандэміі каранавірусу (COVID-19), але і па заканчэньні пандэміі перавозкі ня сталі аднаўляць. Так, напрыклад, польскі ўрад матываваў захаваньне абмежаваньняў магчымасьцю таго, што Беларусь будзе выкарыстоўваць чыгуначныя зносіны для міграцыйнага ціску на Польшчу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Камісія ў Польшчы вывучае магчымасьць аднаўленьня пасажырскіх чыгуначных зносін зь Беларусьсю
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік МУС Польшчы расказаў, якія высновы мусіць зрабіць Лукашэнка з блякады чыгуначнага транзыту зь Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча пагражае спыніць грузавыя чыгуначныя перавозкі зь Беларусі