У Турэччыне выказалі салідарнасьць зь беларускімі незалежнымі прафсаюзамі, лідэры якіх застаюцца за кратамі

Плякаты актывістаў Міжнароднай канфэдэрацыя прафсаюзаў на знак салідарнасьці зь беларускімі прафсаюзамі. Ілюстрацыйная выява

У сувязі з гадавінай расправы над незалежнымі прафсаюзамі ў Беларусі Канфэдэрацыя рэвалюцыйных працоўных прафсаюзаў Турэччыны DİSK накіравала ліст беларускаму амбасадару ў гэтай краіне Анатолю Глазу.

Як паведамляе выданьне «Салідарнасць», у лісьце амбасадау Беларусі генэральны сакратар DİSK Тайфун Гёргюн нагадаў, што з 2020 года дзясяткі прафсаюзных актывістаў знаходзяцца за кратамі, сотні падвергліся перасьледу, запалохваньням і гвалту, а Беларусь назвалі адной з 10 горшых краін сьвету для працоўных паводле вэрсіі Міжнароднай арганізацыі працы.

«DİSK глыбока шкадуе аб крыміналізацыі прафсаюзнай дзейнасці ў Беларусі. Ідзе чацьвёрты год пасьля таго, як аўтарытарны ўрад распусьціў незалежныя прафсаюзаы, арыштоўваў іх лідэраў, абвясьціў прафсаюзы экстрэмісцкімі арганізацыямі», — гаворыцца ў лісьце.

DİSK заклікае да неадкладнага вызваленьня ўсіх зьняволеных і аднаўленьня прафсаюзных свабод у краіне.

«Рэпрэсіі павінны спыніцца. Правы работнікаў — гэта аснова справядлівага грамадзтва», — падкрэсьліваецца ў заяве.

Канфэдэрацыя рэвалюцыйных працоўных прафсаюзаў Турэччыны (DİSK — тур. Türkiye Devrimci İşçi Sendikaları Konfederasyonu) — адзін з чатырох вядучых нацыянальных прафсаюзных цэнтраў у Турцыі. Заснаваны 15 чэрвеня 1967 года левымі прафсаюзамі, якія вылучыліся з Канфэдэрацыі турэцкіх прафсаюзаў (TÜRK-İŞ).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Ярашука ўзнагародзілі міжнароднай прэміяй, Арэшка спрабаваў атрымаць статус інваліда ў зроку

17 актывістаў за кратамі, 8 выйшлі на волю

У беларускіх вязьніцах застаюцца 17 лідэраў і актывістаў незалежных прафсаюзаў і рабочага руху, якія таксама зазналі рэпрэсіі за пэрыяд ад 2020 году.

Гэта Вацлаў Арэшка, Аляксандар Ярашук, Генадзь Фядыніч, Вольга Брыцікава, Андрэй Ханевіч, Арцём Жарнак, Аляксандар Кандрацюк, а таксама Ганна Аблаб, Аляксандар Гашнікаў, Сяргей Дзюба, Уладзімер Жураўка, Аляксандар Капшуль, Ігар Мінц, Андрэй Пагерыла, Валянцін Цераневіч, Сяргей Шамецька, Сяргей Шэлест.

Паводле «Вясны», цалкам адбылі пакараньне і вызваліліся актывісты незалежнага прафсаюзнага руху былыя палітвязьні Сяргей Антусевіч, Ірына Бут-Гусаім і Зінаіда Міхнюк.

Васіль Берасьнеў выйшаў на волю праз памілаваньне.

Адбылі «хатнюю хімію» актывісты Міхаіл Громаў, Аляксандар Мялешка, Галіна Сьмірнова і Сьвятлана Саковіч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы: КДБ праводзіць ператрусы і допыты прадстаўнікоў прафсаюзаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Актывіст прафсаюзу РЭП Вацлаў Арэшка сустракае 70-годзьдзе за кратамі