У сакавіку абарвалася сувязь з карыстальнікам Kazimier Lachnovič, адміністратарам «Беларускай Вікіпэдыі». Яго апошняя праўка была напачатку сакавіка, пасьля чаго ён перастаў быць дасяжным у сацыяльных сетках, піша «Вясна».
Акрамя таго, зьнікла адміністратарка «Беларускай Вікіпедыі» і шматдзетная маці Вольга Сітнік — яе знаёмыя зьвярнулі ўвагу на ненатуральную актыўнасьць ейнага ўліковага запісу.
Праваабаронцы просяць людзей паведаміць пра ўсе вядомыя падрабязнасьці зьнікненьня названых адміністратараў, а таксама пра перасьлед іншых.
Першыя артыкулы па-беларуску ў Вікіпэдыі зьявіліся ў 2004 годзе. Адным з заснавальнікаў беларускай Вікіпэдыі стаў вэб-рэдактар Радыё Свабода Ўладзімер Каткоўскі.
У 2007 годзе адбыўся падзел Вікіпэдыі паводле правапісу, на «клясычны» і «афіцыйны», «Вікіпедыю» і «Вікіпэдыю» адпаведна. Клясычным правапісам створана звыш 88 тысяч артыкулаў. Вэрсія на «наркамаўцы» ў студзені дасягнула 250 000 артыкулаў.
Пасьля пратэстаў 2020 году беларускіх вікіпэдыстаў ужо выклікалі на допыты і арыштоўвалі на «содні».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская Вікіпэдыя на «наркамаўцы» дасягнула 250 000 артыкулаў