Віктар Орбан запусьціў апытаньне грамадзянаў Вугоршчыны наконт уступленьня Ўкраіны ў Эўразьвяз

Віктар Орбан

Сам вугорскі прэм’ер адкрыта заявіў, што выступае супраць. Галоўнай прычынай ён называе зьнішчэньне дзяржаўнай эканомікі ў выпадку ўступленьня ў Эўраўзьвяз краіны-суседкі.

Прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан у сваім фэйсбуку заявіў пра пачатак апытаньня грамадзянаў у пытаньні ўступленьня суседняй Украіны ў Эўразьвяз.

На фотаздымках, якія ён апублікаваў, бачны бюлетэнь з пытаньнем, ці падтрымліваюць грамадзяне сяброўства Ўкраіны ў Эўразьвязе. Гэта адмысловы спосаб Орбана і ягонай кіроўнай партыі «Фідэс» даведвацца грамадзкую думку наконт шэрагу важных эканамічных і палітычных пытаньняў. Такі падыход крытыкуе апазыцыя, лічачы падобнае выказваньне меркаваньняў недэмакратычным. Пагатоў паштовая рассылка з просьбай адказаць на пытаньні суправаджаецца прапагандай уладаў, якая займае канкрэтную пазыцыю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Орбан заклікаў не ўключаць Украіну ў ЭЗ і паабяцаў прыціснуць вугорскія СМІ і НДА з замежным фінансаваньнем

Раней у вугорцаў пыталіся пра іхнае стаўленьне да міграцыі і да правоў ЛГБТК+.

Гэтым разам пытаньне тычыцца ўступленьня ў Эўразьвяз Украіны, супраць якога Орбан даўно і пасьлядоўна выступае. Прэм’ер-міністар Вугоршчыны ў апублікаваных здымках паказаў, што паставіў птушачку насупраць адказу «Не».

«Брусэль і партыя Тыса падтрымліваюць уступленьне Ўкраіны ў ЭЗ. Гэта разбурыць вугорскую эканоміку. Не дазволім ім вырашаць нашу будучыню праз нашыя галовы! VOKS 2025. Я ўжо прагаласаваў», — напісаў Орбан у сваім фэйсбуку.

Афіцыйны Будапэшт выступіў супраць прыняцьця Ўкраіны ў Эўразьвяз яшчэ пасьля тэрміновай сустрэчы кіраўнікоў краінаў ЭЗ у Брусэлі. Тады Вугоршчына адмовілася падтрымаць супольную заяву уніі за далейшы ўдзел ва ўзбраеньні Ўкраіны.

Пазьней Орбан высунуў Брусэлю 12 умоваў, сярод якіх былі такія пункты, як «забарона непрыроднага выхаваньня дзяцей» і «выгнаньне агентаў Сораса».

Орбан і ягоныя падначаленыя ва ўрадзе, у прыватнасьці міністар замежных спраў Пэтэр Сіярта даўно вядомыя падтрымкай Масквы. Таксама яны маюць шчыльную супрацу з Уладзімірам Пуціным і Аляксандрам Лукашэнкам. Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі раней заяўляў, што сярод усіх дзяржаваў-сяброў Эўразьвязу толькі Вугоршчына блякуе ўступленьне Ўкраіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці можа Эўразьвяз падоўжыць санкцыі супраць Расеі, не зважаючы на ​​шантаж Вугоршчыны?