У Менску зьявілася першая аптэка-робат

Ілюстрацыйнае фота

На цокальным паверсе чыгуначнага вакзалу ў Менску адкрылася першая ў Беларусі аптэка-робат.

Аўтаматызаваную аптэку стварыла гомельскае прадпрыемства Eday Robotics, якое спэцыялізуецца на комплекснай аўтаматызацыі розных вытворчасьцяў.

Пра першую такога кшталту аптэку паведаміла прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.

Аўтаматызаваная аптэка становіць сабой закрыты куб, унутры якога стэляжы зь лекавымі сродкамі. Пакупніку дастаткова ўвесьці назву прэпарату на сэнсарным экране, прыкласьці пашпарт і заплаціць.

Адзначаюць, што сканаваньне пашпарта неабходнае для пацьвярджэньня, што пакупніку споўнілася 14 гадоў. Робат выбірае патрэбны прэпарат і перадае яго ў акенца выдачы.

У асартымэнце робата-аптэкі каля 300 безрэцэптурных мэдыкамэнтаў айчыннай вытворчасьці. Для захоўваньня іх падтрымліваецца аптымальная тэмпэратура.

У ведамстве чакаюць, што аптэчныя робаты змогуць выдаваць прэпараты паводле электронных рэцэптаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Банкруціцца кампанія, якая раней была буйным гульцом на фармацэўтычным рынку Беларусі


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінздароўя Беларусі запатрабавала ад камэрцыйных аптэк павялічыць долю айчынных лекаў у продажы