Літоўскі сэрвіс Paysera патлумачыў, чаму заблякаваў рахункі некаторых беларусаў

Ілюстрацыйнае фота

Кампанія Paysera абвясьціла новыя абмежаваньні ў працы зь беларускімі і расейскімі кліентамі.

Літоўская фінансавая кампанія Paysera паведаміла кліентам з грамадзянствам Беларусі і Расеі, якія маюць шэнгенскую візу катэгорыі D, што замарозіць іх рахункі, калі яны цягам 14 дзён не прадэманструюць дазвол на жыхарства (ДНЖ) у краінах ЭЗ.

Цяпер на запыт «Новой газеты Европа» кампанія патлумачыла прычыны такога кроку.

У Paysera растлумачылі, што рахункі грамадзян Беларусі і Расеі з нацыянальнымі візамі тыпу D заблякаваныя ў сувязі з дадатковымі патрабаваньнямі з боку «Банку Літвы», цэнтральнага банку Літоўскай Рэспублікі. Адным з галоўных патрабаваньняў банку сталі ўзмоцненыя праверкі кліентаў, якія ня ёсьць грамадзянамі Эўразьвязу і ня маюць сталага месца жыхарства ў ЭЗ, падкрэсьлілі ў Paysera.

«Гэтыя захады дапамагаюць забясьпечыць абарону фінансавай сыстэмы Літвы ад магчымых злоўжываньняў, зьвязаных зь міжнароднымі санкцыямі. Важна падкрэсьліць, што гэтыя абмежаваньні не накіраваныя супраць якіх-небудзь канкрэтных групаў асобаў ці прафэсіяў, такіх як незалежныя журналісты ці прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці», — заявіў прадстаўнік кампаніі.

«Новая газета Европа» накіравала запыт у «Банк Літвы», але пакуль адказу не атрымала.

18 красавіка літоўскі сэрвіс Paysera даслаў карыстальнікам з грамадзянствам Беларусі і Расеі, якія маюць шэнгенскую візу катэгорыі D (нацыянальная доўгатэрміновая віза, якая дазваляе знаходзіцца на тэрыторыі краіны ЭЗ звыш 90 дзён), апавяшчэньні аб закрыцьці рахункаў у выпадку, калі яны не пададуць эўрапейскі ДНЖ.

У лістах было ўказана, што, згодна з санкцыйнай пастановай ад 24 лютага 2025 году эўрапейскія банкі і іншыя фінансавыя ўстановы абавязаныя абмежаваць наданьне паслуг грамадзянам Расеі і Беларусі, якія ня маюць ДНЖ у эўрапейскай эканамічнай зоне або Швайцарыі.

Іншыя эўрапейскія онлайн-банкі, якія ўсё яшчэ адкрываюць рахункі пры наяўнасьці візаў, пакуль не рассылалі падобных лістоў, адзначае выданьне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літоўская фінансавая кампанія Paysera папярэдзіла расейцаў і беларусаў пра замарозку рахункаў, калі не пакажуць ВНЖ
  • Paysera — фінансавая кампанія, у якой можна адкрываць рахункі як фізычным асобам, так і кампаніям і заводзіць аплатныя карткі, прывязаныя да гэтых рахункаў.
  • Рахунак Paysera — адна з альтэрнатываў банкаўскаму рахунку, карткай можна расплочвацца ў крамах, у інтэрнэце.
  • Раней Paysera абвясьціла, што больш ня будзе абслугоўваць апэрацыяў ў расейскіх рублях, закрые рахункі расейскіх кліентаў і абмяжуе пераказ грошай у банкі Расеі і зь іх.