Супрацоўнікі Ўпраўленьня барацьбы з эканамічнымі злачынствамі УУС Берасьцейскай вобласьці разам выявілі карупцыйную схему ў галіне перапрацоўкі мяса, паведаміла прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі.
Паводле ведамства, генэральны дырэктар аднаго з прадпрыемстваў Пінску атрымаў хабар каля 14 тысяч рублёў ад прадстаўнікоў берасьцейскай фірмы, якая прадае харчовыя дабаўкі. Такім чынам прадпрымальнікі плацілі за «спрыяльнае вырашэньне пытаньняў рэгулярных закупак іхнай прадукцыі», паведамляе прэс-служба МУС.
Падчас праверкі выявілі, што прадстаўнікі берасьцейскай фірмы такім жа чынам «вялі бізнэс» з службовымі асобамі мясаперапрацоўчых прадпрыемстваў Горадзенскай, Менскай вобласьцей і Камянецкага раёну Берасьцейскай вобласьці. Агульная сума хабару склала каля 18 тысяч рублёў, адзначылі ў МУС.
Сьледчы камітэт завёў крымінальныя справы за атрыманьне й даваньне хабару і незаконных узнагародаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МУС заявіла пра затрыманьне за хабар яшчэ трох мэнэджараў Беларускай чыгункі