Каля Хойнікаў арыштавалі эвангельскага пастара, а ў Менску каталіцкага сьвятара

Алег Лойка

Супраць мужчыны завялі крымінальную справу. Раней яго ўжо саджалі на «содні».

Эвангельскага пастара з Хойніцкага раёну Алега Лойку затрымалі ў крымінальнай справе. Яго абвінавачваюць у перадачы інфармацыі аб перасоўваньні расейскай вайсковай тэхнікі па тэрыторыі Беларусі.

48-гадовы Алег Лойка зьяўляецца пастарам царквы хрысьціян веры эвангельскай у вёсцы Небытаў Хойніцкага раёну.

Вядома, што ў сьнежні мінулага году яго арыштоўвалі на 10 содняў за «распаўсюд экстрэмізму».

Пастар шмат гадоў займаўся рэабілітацыяй людзей з наркатычнай залежнасьцю ў рамках місіі «Вяртаньне», даведаліся праваабаронцы.

Дзякуючы яго дзейнасьці сотні чалавек вярнуліся да нармальнага жыцьця. Пра пастара раней неаднаразова з захапленьнем пісалі дзяржаўныя СМІ.

Сёлета ўлады ўнесьлі ў Крымінальны кодэкс адказнасьць за паведамленьні пра рух войскаў. Незалежныя экспэрты адразу палічылі гэта адказам на дзеяньні беларусаў, якія, пратэстуючы супраць расейскай агрэсіі ва Ўкраіне, паведамлялі пра перасоўваньне акупацыйных войскаў па тэрыторыі Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За кратамі ў Беларусі пяць сьвятароў, яшчэ 11 сёлета судзілі ў адміністрацыйных справах

Адначасна з гэтым стала вядома пра арышт каталіцкага ксяндза Сяргея Трысьценя. Пра гэта паведаміла Хрысьціянская візія. Прычыны гэтага затрыманьня невядомыя.

Трысьцень — настаяцель манаскай супольнасьці кармэлітаў босых у Менску, дырэктар Школы сямейнага жыцьця, выкладчык Менскага тэалягічнага каледжу сьвятога Яна Хрысьціцеля.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Крымінальны кодэкс унесьлі артыкул аб зьвестках пра рух войскаў, экспэрты тлумачаць гэта вайной ва Ўкраіне